БЕЛ Ł РУС

У Маскве прайшлі самыя масавыя за апошнія гады затрыманні моладзі і падлеткаў

8.11.2026 / 17:25

Nashaniva.com

У суботу ўвечары ў цэнтры Масквы, у Кітай-горадзе, адбыўся рэйд сілавікоў. Паводле ацэнак блізкіх да сілавікоў тэлеграм-каналаў, у аддзелы паліцыі даставілі ад 150 да 300 чалавек, піша «Агенцтва». 

Скрыншот відэа

МУС Расіі патлумачыла рэйд «прафілактычнымі мерапрыемствамі», якія нібыта ў тым ліку звязаныя з распіццём алкаголю ў грамадскіх месцах.

Сілавікі затрымлівалі тых, хто быў нефармальна апрануты, распавялі адпушчаныя з аддзела паліцыі маладыя людзі. Затрыманыя таксама распавядалі пра збіццё. 

У аддзелах затрыманым раздавалі позвы ў ваенкамат. Паводле слоў аднаго з падлеткаў, усім старэйшым за 18 гадоў прапаноўвалі падпісаць кантракты.

На 17 затрыманых склалі пратаколы за распіццё спіртнога, на некаторых — за непадпарадкаванне паліцыі, паведаміла Baza.

Скрыншот відэа

Частку затрыманых пратрымалі ў аддзеле паліцыі больш за тры гадзіны, не пускаючы да іх бацькоў.

Пра рэйды АМАПа ў новае месца тусовак маскоўскіх нефармалаў у Кітай-горадзе паведамлялася яшчэ летам.

Прычына супрацьстаяння — нефармалізаваная спрэчка пра тое, як могуць выкарыстоўвацца грамадскія прасторы ў Маскве. Падлеткі збіраюцца на пляцоўках, створаных уладамі, але гэта выклікае незадаволенасць мясцовых жыхароў.

Яшчэ адна плоскасць канфлікту — стаўленне да нефармальнай моладзі з боку ўсё больш рэпрэсіўнай расійскай дзяржавы.

Апошні такія масавыя затрыманні моладзі ў Маскве праходзілі 23 і 24 лютага 2023 года. Тады ў аддзелы паліцыі даставілі больш за 350 чалавек, звязаных з субкультурай «ПВК Родан».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула