Біл Гейтс заклікае павысіць падаткі для мільярдэраў — штучны інтэлект робіць іх усё багацейшымі
Гейтс таксама прапануе абкладаць падаткам токены ШІ і робатаў.
Біл Гейтс. Фота: AP Photo/Jose Luis Magana
Сузаснавальнік Microsoft Біл Гейтс мяркуе, што варта павысіць падаткі для мільярдэраў — гэта адзіны выхад у эпоху штучнага інтэлекту, піша Fortune.
Ужо зараз багацце людзей, якія заснавалі кампаніі ў сферы ШІ або сумежных галінах, ці інвеставалі ў іх, імкліва расце. Аднак разам з гэтым паўстае пытанне няроўнасці.
На філантрапічныя ініцыятывы багатых людзей нельга разлічваць пры пераадоленні гэтага разрыву, заявіў Гейтс у нядаўнім інтэрв'ю Financial Times. Замест гэтага палітыкі мусяць перайсці да прагрэсіўнага падатку на багацце, а ўжо потым кожны зможа сам вырашаць, колькі ахвяраваць са сваіх даходаў.
Гейтс, заснавальнік Фонду Біла і Мелінды Гейтс, у пачатку мінулага года вырашыў аддаць амаль усё сваё багацце — каля 100 мільярдаў даляраў — гэтай арганізацыі. Адзінай умовай было тое, што ўсе грошы мусяць быць патрачаны напрацягу наступных 20 гадоў.
Аднак нават гэтых сум будзе недастаткова, каб кампенсаваць няроўнасць, да якой, імаверна, прывядзе ШІ. Цяпер 1% найбагацейшых людзей у ЗША валодае больш чым 50% фондавага рынку краіны.
«Таму ў свеце штучнага інтэлекту давядзецца ўнесці змены ў падатковыя сістэмы, уключаючы магчымасць абкладаць падаткам людзей з велізарным багаццем, магчымасць абкладаць падаткам мільярдэраў», — дадаў Гейтс.
Гейтс таксама прапануе абкладаць падаткам токены ШІ і робатаў.
Прапанова Гейтса абкладаць падаткам звышбагатых не карыстаецца ўсеагульнай папулярнасцю сярод яго калег-заснавальнікаў тэхналагічных кампаній. Сузаснавальнік Google Сяргей Брын і былы генеральны дырэктар Эрык Шміт перайшлі ў штаты з больш выгадным падатковым рэжымам на фоне прапанаванага ў Каліфорніі падатку на мільярдэраў. Іншыя прадпрымальнікі, такія як заснавальнік Nvidia Дженсен Хуанг, кажуць, што разумеюць, чаму з іх могуць браць больш падаткаў.