БЕЛ Ł РУС

Чаму Макей пасля 2020 застаўся ў сістэме і ці спрабаваў спыніць рэпрэсіі?

8.11.2026 / 21:14

Nashaniva.com

Былы дыпламат Андрэй Бушыла, які больш за 20 гадоў працаваў у МЗС Беларусі на еўрапейскім кірунку, у новым ТОКу расказаў, што адбывалася з Макеем пасля 2020 года.

Уладзімір Макей. Фота: МЗС

Чаму ў 2020 годзе Макей застаўся з Лукашэнкам? Бушыла кажа, што яны з Макеем гэтага не абмяркоўвалі.

«Думаю, што ён дапускаў яшчэ магчымасць трохі адыграць усё назад, (…) хаця б часткова. Другое — а якая была для яго альтэрнатыва?» — разважае экс-дыпламат.

Андрэй Бушыла. Скрыншот: TOK_talk / YouTube

Вядучая Наста Роўда заўважае, што ён мог бы далучыцца да народнага пратэсту, як Павел Латушка. І, магчыма, тады гісторыя склалася б інакш, больш чыноўнікаў пайшлі б за Макеем супраць сістэмы.

«Гэта тэарэтызаванне, мы не ведаем. Гэта нашы домыслы і здагадкі. Мы ўскладаем адказнасць на чалавека толькі таму, што ў нас саміх не атрымалася», — кажа Бушыла.

Пасля свайго звальнення дыпламат двойчы кантактаваў з Макеем.

«Першы раз гэта было, калі я сустрэўся з паслом заходняй краіны ў Мінску. І яна мне сказала пра тое, што зараз немагчыма выйсці на кантакт ні з кім з міністэрства, немагчыма нейкія меседжы перадаць. Яна спытала мяне, ці магу я перадаць меседж з прапановай выехаць у Вену, каб у Вене быў праведзены нейкі круглы стол паміж Лукашэнкам і апазіцыяй, для таго каб знайсці шляхі вырульвання з таго палітычнага крызісу, які складваўся ў той момант.

Чытайце: Вячорка расказаў храналогію спробы арганізаваць непублічныя перамовы з Мінскам, каб дээскалаваць сітуацыю

Я напісаў вадзіцелю Уладзіміра Макея. Я не ведаў, як ён адрэагуе. Але ён адразу ж перадаў, што гатовы са мной сустрэцца. І мы сустрэліся. Я перадаў гэтае паведамленне заходніх краін. Я кажу: ну, куды гэта ўсё коціцца? Было бачна, што ён вельмі моцна праз гэта ўсё перажывае.

Я так разумею, што ён некалькі разоў падымаў гэтую тэму ў размове з Аляксандрам Лукашэнкам, што трэба нейкія дзеянні рабіць, каб гэтую жэсць спыніць».

Другі раз Бушыла бачыўся з Макеем на пахаванні Алега Краўчанкі — намесніка міністра замежных спраў, які памёр ад каранавіруса ў 2020 годзе.

Чаму Макей не рабіў нічога, каб зменшыць маштаб рэпрэсій, запыталася вядучая.

«Я думаю, што ён рабіў гэта, але проста яго ўплыў істотным чынам тады ўпаў. Зусім іншыя людзі пачалі кіраваць усімі працэсамі. Лукашэнка перастаў быць зацікаўлены ў тым, каб захоўваць адносіны з Еўрапейскім Саюзам і ЗША.

Для яго стала асноўнай мэтай захаваць сваю ўладу. Таму ён не слухаў прадстаўнікоў Міністэрства замежных спраў, якія маглі нейкія аргументы прадстаўляць, каб уратаваць краіну ад той сітуацыі, у якой яна зараз знаходзіцца».

Бушыла мяркуе, што Расія не пагадзілася б на кандыдатуру Макея на месца Лукашэнкі, бо бачыла ў ім пагрозу.

«Яны бачылі, што Уладзіміра Макея называлі архітэктарам разрадкі, і я думаю, што гэта не вельмі падабалася ўладзе ў Маскве».

Чытайце таксама:

Былы дыпламат расказаў пра амбіцыі міністра Максіма Рыжанкова

Вячорка расказаў храналогію спробы арганізаваць непублічныя перамовы з Мінскам, каб дээскалаваць сітуацыю

Шрайбман з калегамі прапанавалі пакрокавы план дээскалацыі адносін Беларусі і ЕС

Каментары да артыкула