Чвэрць без «васьмёрак» — 100 рублёў. Шматдзетная маці расказала, колькі плаціць дзецям за ацэнкі
Што дае такая сістэма?
Марыя Жаляхоўская. Фота: архіў гераіні / «Смартпрэс»
Марыя Жаляхоўская — маці чатырох дачок, блогерка, банкаўская супрацоўніца і аўтарка кнігі пра выхаванне. Яна лічыць, што плата за адзнакі дапамагае падрыхтаваць дзяцей да дарослага жыцця. Пра яе сістэму піша «Смартпрэс».
Бонус залежыць толькі ад чвэрцевых і гадавых адзнак:
- чвэрць без «сямёрак» — 50 рублёў;
- чвэрць без «васьмёрак» — 100 рублёў;
- толькі «дзясяткі» — 200 рублёў;
- гадавыя адзнакі аплачваюцца дадаткова па тых жа тарыфах.
Марыя мяркуе, што планку для кожнага дзіцяці трэба ставіць вышэйшай за тыя адзнакі, якія яны атрымліваюць без асаблівых намаганняў.
Каля 80% кішэнных грошай яе старэйшыя дочкі атрымліваюць за вучобу. Марыя лічыць, што гэта выгадней, чым увесь час аплачваць дзіцячыя жаданні, і што свае грошы дзеці трацяць больш ашчадна.
Штрафаў за кепскія адзнакі пры гэтым няма. Але за чвэрцевую «шасцёрку» дадаецца яшчэ адзін хатні абавязак.
За алімпіяды і конкурсы ў сям'і таксама прадугледжана ўзнагарода.
Хатнія заданні маці разам з дзецьмі не робіць, бо лічыць вучобу іх асабістай адказнасцю.