Грузія выдварыла 39 беларусаў за дзевяць месяцаў 2026 года
Сярод выдвараных грамадзян Беларусі — 32 мужчыны і сем жанчын.
Пасёлак Месція, Грузія. Фота: commons.wikimedia.org
Са студзеня па верасень 2026 года з Грузіі выдварылі 39 грамадзян Беларусі. У першым квартале з краіны выдварылі восем чалавек, у другім — 16, у трэцім — 15. Гэта вынікае з трох квартальных справаздач МУС Грузіі, паведамляе Reform.news.
Сярод выдвараных грамадзян Беларусі — 32 мужчыны і сем жанчын. Усе яны былі паўналетнімі. Ва ўзросце ад 26 да 40 гадоў было 22 чалавекі, ад 41 да 65 гадоў — дзесяць, ад 18 да 25 гадоў — сем.
Усяго за дзевяць месяцаў Грузія выдварыла 3 170 чалавек. Больш за ўсё сярод выдвараных за дзевяць месяцаў было грамадзян Турцыі — 791 чалавек. Грамадзян Расіі выдварылі 254. Грамадзян Украіны за дзевяць месяцаў выдварылі 30.
Раней паведамлялася, што ў канцы верасня грамадзяніна Беларусі Льва Міхеева выслалі з Грузіі ў Арменію. Ён дамагаўся прытулку ў Грузіі з 2021 года. Паводле слоў Міхеева, яго даставілі да мяжы на аўтамабілі і перадалі армянскаму боку, дзе яго затрымалі праз міждзяржаўны вышук па запыце беларускіх улад.
Ужо пасля заканчэння справаздачнага перыяду, 6 лістапада, у тбіліскім метро пры праверцы дакументаў затрымалі яшчэ аднаго грамадзяніна Беларусі. Тэрмін дзеяння яго беларускага пашпарта і часовага посведчання асобы, выдадзенага ў Грузіі, скончыўся. Паводле слоў праваабаронцы Рамана Кісляка, мужчына прасіў прытулку праз палітычны пераслед у Беларусі, атрымаў адмову і цяпер рызыкуе быць высланым на радзіму.