БЕЛ Ł РУС

У «Вялікім камені» пабудуюць стылёвы жылы комплекс. Вось якія цэны

9.11.2026 / 12:33

Nashaniva.com

У ЖК будзе 10 маналітна-каркасных дамоў вышынёй у 12 паверхаў, а таксама гандлёвы цэнтр і паркінг.

У індустрыяльным парку «Вялікі камень» пачынаецца будаўніцтва жылога комплексу Stone. Праект пакладзе пачатак з'яўленню жытла ў гэтай лакацыі. Забудоўшчык ужо абвясціў старт продажаў і прымае заяўкі ад усіх ахвотных, піша «Анлайнер».

Індустрыяльны парк «Вялікі камень» знаходзіцца ў Смалявіцкім раёне — гэта прыкладна за 30 км ад Мінска. Дагэтуль тэрыторыя асацыявалася пераважна з тэхналагічнымі і лагістычнымі аб'ектамі. Але цяпер там з'явіцца і жытло. Забудоўшчыкам выступае рэзідэнт парка — кампанія «Каменны сад».

Праект уяўляе сабой 10 маналітна-каркасных дамоў вышынёй у 12 паверхаў. У склад комплексу ўвойдуць таксама гандлёвы цэнтр і паркінг. Адзначаецца, што ў крокавай даступнасці з'явіцца школа і два дзіцячыя сады.

На рэндэрах новабудоўлі выглядаюць даволі стылёва.

— Гэта саразмерная чалавеку жылая забудова без адчування «мурашніка», — адзначае забудоўшчык. — Фасады выкананыя ў стрыманых прыродных адценнях, а планіроўкі арыентаваныя на максімум натуральнага святла за кошт шырокіх аконных праёмаў.

Унутраная прастора цалкам ізаляваная ад праезду аўтамабіляў. Тут з'явіцца ландшафтнае азеляненне, ціхія зоны адпачынку і бяспечныя гульнявыя пляцоўкі для дзяцей розных узростаў.

У кожным доме прадугледжаны калясачныя, памяшканні для мыцця лап хатнім гадаванцам пасля прагулкі, індывідуальныя боксы (кладоўкі) для захоўвання. На першых паверхах запланаваныя камерцыйныя плошчы для размяшчэння кафэ, аптэк, пунктаў выдачы і г.д.

Плошчы кватэр найбольш хадавыя — ад 31 да 62 кв. м. Планіроўкі ў іх свабодныя.

На дадзеным этапе забудоўшчык збірае заяўкі ад ахвотных паўдзельнічаць у долевым будаўніцтве. Цэны пакуль вельмі прывабныя, якія прыкметна адрозніваюцца ад сталічных:

Найменшая кватэра абыдзецца прыкладна ў 129 тысяч рублёў. Найбольш прасторная будзе каштаваць каля 240 000 рублёў.

— Запуск жылога комплексу ператворыць тэрыторыю «Вялікага камня» ў паўнавартасны жылы раён з высокай якасцю асяроддзя, — лічыць забудоўшчык. — Для пакупнікоў на старце гэта азначае не толькі зразумелы ўзровень камфорту, але і прывабныя ўмовы ўваходу з добрым патэнцыялам росту кошту.

Цяпер на тэрыторыі будучага комплексу ўжо пачаліся будаўніча-мантажныя працы. Здаць яго ў эксплуатацыю плануецца на стыку 2027 і 2028 гадоў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула