Бізнэсмен Аляксандр Кныровіч атрымаў польскае грамадзянства
Бізнэсовец, блогер і ютуб-вядоўца Аляксандр Кныровіч падзяліўся навіной: польскія ўлады вырашылі, што ён «годны быць грамадзянінам гэтай краіны».
Аляксандр Кныровіч. Фота: «Наша Ніва»
Шлях да атрымання грамадзянства ў яго выпадку заняў амаль пяць гадоў.
«Самым складаным было вывучыць у 50+ гадоў польскую мову на ўзроўні B1 і здаць дзяржаўны экзамен, — падзяліўся Аляксандр з «Нашай Нівай». — Бо ўсе дакументы ў мяне былі ў парадку, мне пашанцавала».
«Я сапраўды паляк. Ну куды дзецца ад гэтага факта?» — напісаў Аляксандр у фэйсбуку, пажартаваўшы, што такі вось у яго камінг-аўт.
Польскія карані бізнэсовец мае па татавай лініі. Яго сям’я пражывала ў вёсцы Ніўнае, што ў Стаўбцоўскім раёне, якая ў розныя часы зазнала уладу Расійскай імперыі, немцаў і палякаў.
«Імёны маіх дзядзькаў, цётак, бабуль і дзядуляў па гэтай лініі не пакідаюць ніякіх сумневаў: Юзэф, Войцех, Тэрэза, Франак, Ядвіга… А сямейнае паданне сведчыць — у хаце дзеда гадзіннік ішоў па польскім часе да 1963 года».
Сам Аляксандр яшчэ падчас атрымання першага савецкага пашпарта ў 1989 годзе ў графе «нацыянальнасць» напісаў «паляк». Тады для яго гэта было своеасаблівым антысавецкім бунтам.
Польскія карані пацвердзіліся і генетычным тэстам, які не так даўно зрабіў Аляксандр.
«Тэст паказаў, што 49% маіх каранёў — непасрэдна ў паўночна-ўсходняй частцы Польшчы — там, дзе Падляшша, Сувалкі і гэтак далей. Яшчэ 40% — гэта паўночна-заходняя Расія, Пскоў. Наколькі я разумею, адтуль ідуць карані маёй маці і бабулі. Такая вось сумесь атрымліваецца».
Атрыманне польскага грамадзянства ў выпадку бізнэсмена магло б здарыцца хутчэй, але ён сам не спяшаўся, рабіў усё праз пошту, бо мае на руках і актуальны беларускі пашпарт з тэрмінам дзеяння да 2031 года. Ад моманту ж падачы дакументаў да рашэння польскіх уладаў прайшло паўтары года.
На пытанне, ці адчувае Аляксандр сябе палякам, ён адказвае, што пачуваецца мясцовым і ў Польшчы, і ў Беларусі.
«У Польшчы ў мяне няма ломкі, настальгіі. Я, хутчэй, не разумею, чаму ў нас па Бугу мяжа, навошта яна падзяляе два такія блізкія народы? Мне здаецца, яе не павінна быць. Але ментальна я, вядома, прывязаны да Беларусі якарнымі канатамі, назаўжды. І наяўнасць або адсутнасць польскага пашпарта гэтага ніяк не зменіць».