БЕЛ Ł РУС

Арыштавалі мінчука, які 27 гадоў таму зарэзаў маладую валютчыцу. Яго здаў падзельнік, які цяпер сядзіць на пажыццёвым

9.11.2026 / 13:45

Nashaniva.com

Забойцу на той момант было 15 гадоў.

Следчы камітэт расказаў пра раскрыццё забойства, якое адбылося ў Мінску ў студзені 1999 года.

Паводле слоў старшага следчага з упраўлення УСК па Мінску Аляксандра Маркевіча,

загінулая 20‑гадовая мінчанка здымала кватэру ў адным з дамоў на праспекце Газеты «Известия» (у 2005 годзе яго перайменавалі ў праспект Газеты «Звязда»).

Дзяўчына займалася нелегальным абменам валюты і рэгулярна насіла ў сумцы вялікія сумы.

За ёй сачыла кампанія мясцовых хлопцаў, якім было 15, 17 і 22 гады. «Яны вылічылі яе звычкі, вывучылі маршрут», — кажа Маркевіч.

16 студзеня 1999 года каля 19:00 нападнікі зайшлі за дзяўчынай у пад'езд. На лесвічным маршы 22‑гадовы і 17‑гадовы паспрабавалі вырваць у яе сумку. Дзяўчына пачала крычаць і клікаць на дапамогу. Тады 15-гадовы, баючыся, што на шум збягуцца суседзі, без дамоўленасці з астатнімі дастаў нож і нанёс ёй больш за 20 удараў. Двое іншых, паводле следчага, у самім забойстве ўдзелу не бралі.

Дзяўчына змагла выбрацца з пад'езда і ўпала на вуліцы ў некалькіх метрах ад уваходу. Там яе і знайшлі. Тады злачынства раскрыць не ўдалося.

Справу аднавілі ў 2026 годзе пасля таго, як адзін з удзельнікаў — той, каму ў 1999‑м было 17 гадоў, — сам прызнаўся. На той момант ён ужо адбываў пажыццёвае зняволенне за іншае злачынства — патройнае забойства.

Двух іншых затрымалі пазней. Старэйшы жыў у Магілёве.

Малодшы, які і нанёс удары нажом, працаваў дальнабойшчыкам і быў у рэйсе, таму яго давялося чакаць, пакуль ён вернецца ў Беларусь.

Спачатку абодва адмаўлялі віну, але потым прызналіся.

Адметна, што абодва раней сядзелі за іншыя забойствы.

Паводле СК, у групе быў адзін прыезджы: старэйшы ў 1990‑я пераехаў у Мінск з Магілёва. Двое іншых выраслі ў суседніх пад'ездах, а сярэдні пазнаёміўся з прыезджым і паклікаў яго ў кампанію. Лідарам трыа, паводле следчага, быў малодшы — «агрэсіўнасцю і напорыстасцю характару».

Што пагражае забойцы, пакуль невядома. З улікам таго, што яму на момант злачынства было 15 гадоў, а судзіць яго будуць па старым Крымінальным кодэксе, хутчэй за ўсё, максімальны тэрмін для яго — 10 гадоў зняволення.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула