БЕЛ Ł РУС

Саліст «Трох дзён дажджу» пра скандальны канцэрт у Мінску: Праз стан майго здароўя мы не змаглі выканаць усю праграму так, як хацелі

9.11.2026 / 13:59

Nashaniva.com

Саліст расійскага гурта «Тры дні дажджу» Глеб Віктараў у сваім тэлеграм-канале выказаўся аб праблемах з канцэртам у Мінску.

Глеб Віктараў. Фота: daily.afisha.ru

Як паведамлялася, канцэрт папулярнага расійскага рок-гурта «Тры дні дажджу», які прайшоў 7 лістапада ў мінскім Палацы спорту, сабраў аншлаг, але скончыўся скандалам. Выступ затрымалі на гадзіну праз візіт медыкаў за кулісы, а Глеб Віктараў не трапляў у ноты, блытаў словы і праз 50 хвілін пакінуў сцэну без развітання.

Сёння Глеб Віктараў у тэлеграм-канале гурта пракаментаваў сітуацыю.

«На мінскім канцэрце 7 лістапада праз стан майго здароўя мы не змаглі выканаць усю праграму так, як хацелі. Да апошняга спрабавалі захаваць канцэрт, але атрымалася так, як атрымалася. Я хацеў бы асабіста папрасіць прабачэння ў нашых гледачоў. Пры гэтым асобна падкрэслю, што мінскі Палац спорту цалкам выканаў свае абавязацельствы па прадастаўленні пляцоўкі і арганізацыі мерапрыемства.

Усім, хто выказаў жаданне вярнуць грошы за білет, грашовыя сродкі будуць вернутыя па месцы іх набыцця»,

— напісаў ён і таксама паабяцаў «эксклюзіўны канцэрт», каб кампенсаваць расчараванне, якое, па яго словах, адчуў ён сам.

«Песні для яго будзеце выбіраць вы. Для гэтага мы створым сайт з формай, дзе кожны зможа пазначыць песні, якія хацеў бы пачуць у Мінску», — напісаў Глеб Віктараў.

***

Глебу Віктараву (сапраўднае прозвішча — Дамба-Хуурак) 30 гадоў. Ён нарадзіўся ў Кызыле (Тува), а гурт «Тры дні дажджу» заснаваў у 2019 годзе.

Глеб неаднаразова меў праблемы з удзелам у канцэртаў праз праблемы музыканта з псіхічным здароўем і потым аднаўленнем у рэхабах. Так пасля аднаго з лячэнняў гурт выпусціў альбом «Мелахолія», прысвечаны перыяду лячэння і людзям, з якімі Віктараў пазнаёміўся ў клініцы. У канцы 2024 года Віктараў зноў трапіў у рэабілітацыйны цэнтр, дзе прызнаўся, што праз дэпрэсію ў яго развілася нарказалежнасць.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула