У памежжы з Украінай тры стратэгічныя вышкі сотавай сувязі выведзеныя са строю
Тры перадаючыя прылады сотавых аператараў былі выведзеныя са строю на поўдні Беларусі: дзве ў Гомельскай вобласці, адна — у Брэсцкай. Пра гэта паведаміў службовы Тг-канал беларускага аператара сотавай сувязі Becloud.
У паведамленні з паметкай «Знікла БС!» таксама пазначаны назвы ўладальнікаў-аператараў, назвы бліжэйшых геаграфічных пунктаў, іх каардынаты і працоўная частата базавых станцый — 800 МГц, піша «Флагшток».
Усе вышкі знаходзяцца адносна недалёка ад мяжы з Украінай. Адна з іх — аператара А1, размешчаная ў зоне адчужэння, у раёне кантрольна-прапускнога пункта Майдан Хойніцкага раёна (каля 26 км ад дзяржмяжы), другая — аператара МТС у пасёлку Слабада Лельчыцкага раёна (каля 27 км ад дзяржмяжы), трэцяя — аператара МТС у в. Грушка Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці (каля 12 км).
Пазначаныя вышкі могуць лічыцца стратэгічнымі — раней украінскія ўлады і вайскоўцы заяўлялі, што вышкі ў памежжы Беларусі выкарыстоўваюцца для рэтранслявання сігналу для кіравання расійскімі БпЛА ў сумежных рэгіёнах Украіны.
Вышкі перасталі функцыянаваць паміж 21 кастрычніка і 3 лістапада. На дадзены момант пра аднаўленне іх працы не паведамлялася.
Ці магло быць звязана функцыянаванне базавых станцый, што выйшлі з ладу, з перадачай сігналу для расійскіх БпЛА, якія пралятаюць уздоўж украінска-беларускай мяжы? Гэтага выключаць нельга. Раней ужо былі паведамленні пра выхад з ладу перадаючых прылад на тэрыторыі Беларусі на адлегласці да 50 км.
Зрэшты, пацвердзіць эфект ад магчымага адключэння «рэтранслятараў» даволі складана. Украінскі сэрвіс маніторынгу «Трывогі» паказвае на зніжэнне сумарнага часу паветраных трывог у памежным Оўручы ў канцы кастрычніка з наступным іх аднаўленнем.
Раней Флагшток расказваў, што ў вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна, якая побач са Слабадой, таксама была пашкоджана базавая станцыя МТС. Тады аператар аб'яўляў закупку, якая прадугледжвала будаўніча-мантажныя работы па аднаўленні аб'екта. А напярэдадні паведамлялася пра ўкраінскі ўдар па вышцы пад Лельчыцамі без удакладнення яе каардынат.