Мінчук паехаў на самакаце ў краму, а «вярнуўся» з Чабаксараў на Волзе — спісалі 150 рублёў
Крама была ўсяго за пару кварталаў.
Ілюстрацыйнае фота Lookby.Media
Чытач Onliner.by хвалюецца: пасля паездкі на кікшэрынгавым самакаце ён выявіў на картцы на 150 рублёў менш, чым чакаў. Чалавек усяго толькі з'ездзіў у краму за пару кварталаў і вярнуўся назад, але праграма чамусьці адправіла яго ў Чабаксары (гэта недалёка ад Казані, таксама на Волзе).
У пятніцу, 6 лістапада, Васіль скарыстаўся кікшэрынгавым самакатам, каб з «Новай Баравой» з'ездзіць у краму за пару кварталаў.
— Завяршыў паездку, пасля крамы на тым жа самакаце паехаў дадому, — расказвае ён. — Але аказалася, што па першай паездцы з мяне спісалі замест 80 капеек — 3 рублі. А па другой паездцы замест 2,8 рубля спісалі 150 рублёў. Пры гэтым у дэталях паездкі я ўбачыў, што на самакаце вярнуўся дадому з Чэбаксар.
Чабаксары — горад на Волзе ў рэспубліцы Чувашыя (Расія). З «Новай Баравой» да Чабаксар — каля 1400 км.
Але Васіль у той дзень у Чабаксарах не быў. Таму ён звярнуўся ў службу падтрымкі кікшэрынгу. Зыходзячы з атрыманых там адказаў, за паездкі сэрвіс спісаў карэктныя сумы. Але па нейкай неназванай прычыне на рахунку былі замарожаныя куды большыя сродкі. І Васілю трэба дачакацца, калі яго грошы размарозяцца.
«Дэпазіт за паездку заўсёды спісваецца з вашай карты, але потым зноў вяртаецца. Тут няма памылкі», — супакоілі яго ў кікшэрынгу і прапанавалі звярнуцца па дадатковую інфармацыю ў банк.
— Сёння панядзелак, грошы не вярнулі, ніякага нармальнага адказу, я лічу, я таксама не атрымаў, — кажа Васіль.