Расіянін месяц лётаў па Беларусі на машыне так, што атрымаў больш за 20 штрафаў на круглую суму
Аднойчы камера злавіла мужчыну, калі ён гнаў на хуткасці 151 км/г.
Скрыншоты з відэа: @max.autodvizh / Instagram
Прыгоды расіяніна ў Беларусі
Расіянін Максім Бузюраў прыехаў у Мінск з Краснадара. Днямі блогер выклаў відэа пра тое, як яго спынілі супрацоўнікі ДАІ і выдалі яму стос штрафаў з камер.
На відэа можна налічыць больш за 20 пастаноў аб прыцягненні да адказнасці. Яны выдадзены ў перыяд з 5 па 25 кастрычніка.
Самая высокая хуткасць, на якой мужчына трапіў на камеру, — 151 км/г. Столькі ён ехаў на ўчастку з максімальнай дазволенай хуткасцю 120 км/г. Зрэшты, за гэта яму выпісалі ўсяго 135 рублёў штрафу.
Скрыншоты з відэа: @max.autodvizh / Instagram
А самы вялікі штраф з тых, што можна разглядзець на відэа, складае 360 рублёў. Столькі расіяніну далі за тое, што ў месцы, дзе можна ехаць не больш за 80 км/г, мужчына гнаў з хуткасцю 125 км/г.
Не можа прызвычаіцца да беларускіх правілаў
«Карацей, піпец, штрафы за ўсё запар прыходзяць», — наракае мужчына і дадае, што ў Беларусі не караюць за перавышэнне хуткасці да 10 кіламетраў за гадзіну, у той час як у Расіі дазваляюць перавышаць хуткасць да 20 кіламетраў у гадзіну. І ён, маўляў, ніяк не можа да гэтага прызвычаіцца.
Праўда, прынамсі з паказаных на відэа штрафаў больш за палову выпісана за перавышэнне хуткасці больш, чым на 20 кіламетраў.
Блогер кажа, што атрымаў штрафаў агулам на 75 тысяч расійскіх рублёў, а гэта каля 2740 беларускіх рублёў.
Блогер мае беларускі дазвол на жыхарства
Максім Бузюраў некалькі месяцаў таму перабраўся з Краснадара ў Мінск разам з сям'ёй. У Мінску ён планаваў жыць і весці бізнэс.
Скрыншоты з відэа: @max.autodvizh / Instagram
Мужчына ўжо мае аўтасалон у Краснадары і збіраўся адкрыць яшчэ адзін — ужо ў Мінску.
Але ў выніку не стаў, абгрунтаваўшы гэты тым, што ў Беларусі ўжо вычарпалі квоты на бяспошлінны ўвоз электрамабіляў як для юрыдычных, так і для фізічных асоб. Таму, пражыўшы пару месяцаў у Беларусі, ён нядаўна вярнуўся ў Краснадар.
Пры гэтым губляць сувязь з Беларуссю ён не збіраецца.
У адным з ролікаў Максім расказвае, што замест аўтасалона ў выніку адкрывае іншы бізнэс.
«За гэты час мы паспелі атрымаць ДНЖ у Беларусі, прычым ад падачы дакументаў да атрымання прайшло ўсяго паўтара месяца.
І пакуль праходзілі ўвесь працэс, зразумелі адну цікавую рэч: людзі хочуць атрымаць ДНЖ [Беларусі], але не ведаюць, з чаго пачаць, якія дакументы збіраць, куды ісці і колькі гэта займае часу».
Блогер таксама кажа, што многія цікавяцца купляй аўто ў Беларусі, бо розніца ў цэнах з Расіяй вельмі адчувальная і даходзіць да $36 тысяч.
Таму блогер вырашыў прадаваць дзве паслугі: дапамогу ў афармленні беларускага ДНЖ «пад ключ», а таксама падбор і дапамогу ў куплі аўто на беларускім рынку.
Скрыншоты з відэа: @max.autodvizh / Instagram
Мужчына запэўнівае, што расіяне, якія атрымалі беларускі ДНЖ, могуць набываць сабе машыны на беларускіх нумарах і ездзіць на іх па Расіі без якіх-небудзь даплат і абмежаванняў.
Адметна, што сам блогер ездзіў па Беларусі на аўто, зарэгістраваным у Кыргызстане.
Па беларускім заканадаўстве за пяць адміністратывак на працягу года ў замежніка можна забраць дазвол на жыхарства. Ці захочуць сілавікі выслаць серыйнага парушальніка Бузюрава, невядома.