Украінскія войскі адкінулі расіян з-пад Арэхава
Цяжкія баі працягваюцца пад Дабраполлем і ў раёне Рай-Аляксандраўкі пад Славянскам.
Скрыншот з карты Інстытута вывучэння вайны. Блакітныя языкі каля Арэхава — гэта зоны, якімі расіяне наступалі за апошнія месяцы і скуль іх выбілі
У ноч на 14 верасня 2026 года адзін з самых папулярных расійскіх Z-блогераў Юрый Падаляка напісаў: «Орехов наш». 9 лістапада ён жа прызнаў, што расійскія войскі адступілі з-пад Арэхава. Баі працягваюцца ў раёне легендарнай вёскі Малая Такмачка на паўднёвы ўсход ад гэтага гарадка, у якім перад пачаткам вайны жыло 14 тысяч чалавек.
Арэхаў — апошні горад на подступах да Запарожжа, таму на яго штурм Расія кінула вялікія сілы.
Падаляка сёння таксама прызнаў, што расійскія войскі адышлі з Навапаўлаўкі каля пасёлка гарадскога тыпу Межавая. Украіна працягвае павольны контрнаступ на сутыку Днепрапятроўскай, Данецкай і Запарожскай абласцей.
Цяжкія баі працягваюцца пад Дабраполлем і ў раёне Рай-Аляксандраўкі пад Славянскам.
Пад Ліманам ідуць баі за Азернае, Дзіброву, Ямпаль. Гэта той раён, дзе ўкраінцы летам правялі аперацыю «Вівальдзі».
Украінскі Генштаб ужо некалькі дзён запар паведамляе пра рэкордныя страты расіян у жывой сіле.
Мяркуючы па вестках з фронту, прасоўванне Расіі практычна спынілася, летні наступ сарваўся. За апошнія паўгода Украіна адваёўвала прыкладна столькі ж тэрыторый, колькі страчвала.