Жонка Дзяніса Івашына: Ён сур’ёзна хварэў, не меў сілы нават падняцца з лазарэтнага ложка
Дзесяць дзён палітзняволены журналіст Дзяніс Івашын правёў у медсанчастцы магілёўскай ПК-15. Потым яшчэ на тыдзень быў вызвалены ад працы. Але не цалкам здаровым адчувае сябе і зараз.
З прычыны хваробы з Дзянісам некалькі тыдняў не было сувязі. І толькі ў мінулую пятніцу, 6 лістапада, яго маці дачакалася тэлефанавання, піша БАЖ.
«З кароткай размовы высветлілася і прычына доўгага перапынку ў камунікацыі з Дзянісам. Ён увесь гэты час (з 22.10 па 02.11) сур’ёзна хварэў, нават патрапіў у медчастку калоніі.
Вірус настолькі моцна яго прыціснуў, што Дзяніс не меў сілы нават падняцца з лязарэтнага ложка, не тое, каб напісаць нам ліст ці падпісаць паштоўку.
Пра паходы да тэлефонаў я наагул прамаўчу», — напісала Вольга Івашына, жонка зняволенага журналіста, на сваёй старонцы ў Facebook.
Пакуль ад мужа не было ні лістоў, ні тэлефонных званкоў, Вольга меркавала, што яго маглі змясціць у ШІЗА. Высветлілася ж, што Дзяніс Івашын увесь гэты час змагаўся з вірусным захворваннем.
Жонка палітвязня перакананая, што менавіта цяжкія ўмовы ў калоніі і немагчымасць аператыўна перадаваць зняволеным неабходныя лекі і вітаміны адыгралі злую ролю ў гэтай сітуацыі.
«Наш Дзяніс захварэў менавіта праз аслаблены адсутнасцю вітамінаў імунітэт. Апошні раз мы перадавалі яму вітаміны, здаецца, яшчэ ў СІЗА гродзенскай вязніцы. Тыя вітаміны Дзяніс ашчадна выкарыстоўваў амаль увесь час турэмнага тэрміну. Але ж запас не можа быць бясконцым, а новыя вітаміны, як і любыя іншыя лекі, палітвязню перадаць у рэжымныя калоніі і турмы — амаль невыканальны квэст з асобных «колаў пекла»», — зазначае Вольга Івашына.
Паводле яе звестак, з 9 лістапада Дзяніс павінен працаваць у калоніі на тых самых умовах, што і да хваробы.
У ПК-15 палітзняволены журналіст, якога арыштавалі ў сакавіку 2021 года, знаходзіцца з 18 чэрвеня 2026 года. Дагэтуль ён 3 гады адбыў у турме № 8 у Жодзіне. Магілёўская калонія была першым месцам яго зняволення і да турмы. Менавіта туды яго накіравалі напрыканцы студзеня 2023 года, калі ўступіў у сілу судовы вырак, паводле якога Івашына асудзілі да 13 гадоў зняволення і вялізнага штрафу.