Піяніста круізнага лайнера, які ўпаў за борт, выратавалі пасля дзевяці гадзін у Ціхім акіяне
Паводле паведамленняў амерыканскіх СМІ, піяніст, які выпаў за борт з круізнага лайнера, быў знойдзены двума рыбакамі прыкладна за 32 км ад узбярэжжа Каліфорніі.
Ілюстрацыйнае фота ingo Wagner/picture alliance via Getty Images)
Грант Гарэт і Шон Нортан заўважылі ў вадзе чалавека недалёка ад вострава Каталіна ў пятніцу. Па словах прадстаўнікоў уладаў, ён мог правесці ў Ціхім акіяне дзевяць гадзін, піша Бі-бі-сі.
Мужчына, імя якога не называецца, быў дастаўлены ў бальніцу ў стабільным стане, паведаміла Бі-бі-сі Берагавая ахова ЗША, дадаўшы, што праводзіць расследаванне інцыдэнту.
Кампанія Royal Caribbean пацвердзіла, што выратаваны чалавек з'яўляецца яе супрацоўнікам.
Па словах рыбакоў, мужчына сказаў ім, што ён піяніст на 14‑палубным круізным лайнеры Ovation of the Seas.
«Ён мне проста сказаў: «Дзякуй. Я думаў, што памру», — распавёў Шон Нортан.
Берагавая ахова паведаміла, што рыбакі выцягнулі з вады чалавека ў прытомнасці і перадалі яго выратавальнікам у Ньюпарт-Біч, якія пацвердзілі, што выратаваны быў супрацоўнікам круізнага лайнера Ovation of the Seas.
Выратавальнікі мяркуюць, што ён мог зваліцца за борт каля 02:30 ночы, прыкладна за дзевяць гадзін да таго, як яго заўважылі ў вадзе.