На Канарскія выспы працягваюць прыбываць уцекачы. 34 чалавекі загінулі падчас крушэння судна
Штодня тысячы мігрантаў з Афрыкі спрабуюць перасекчы Атлантычны акіян і дабрацца да Канарскіх выспаў, каб падаць заяву на атрыманне прытулку ў ЕС.
Архіўнае фота: Antonio Sempere / Europa Press via Getty Images
Адно з такіх суднаў з уцекачамі пацярпела крушэнне падчас плавання. Загінулі як мінімум 34 чалавекі, піша Bild.
Мяркуецца, што судна затанула яшчэ 6 лістапада каля ўзбярэжжа Сенегала, паміж Дакарам і размешчаным на поўнач ад яго горадам Сен-Луі. Аднак падрабязнасці здарэння сталі вядомыя толькі зараз.
Паводле звестак СМІ і гуманітарных арганізацый, загінулі як мінімум 34 чалавекі. Колькі ўсяго ўцекачоў было на борце і з якіх краін яны паходзілі, невядома. Сярод знойдзеных загінулых былі грамадзяне Сенегала. Выратаваць удалося толькі аднаго мужчыну.
У Міністэрстве ўнутраных спраў Сенегала заявілі, што колькасць загінулых можа быць большай. Гэтага асцерагаецца і рэгіянальны ўрад Канарскіх астравоў.
З-за шторму, выкліканага цыклонам «Бурна», на астравах Ла-Пальма, Эль-Ера, Ла-Гамера і Гран-Канарыя абвясцілі трывогу. Менавіта там найбольш адчуваюцца наступствы міграцыйнага крызісу.
Так, насельніцтва вострава Эль-Ера знаходзіцца на мяжы падваення: усяго за шэсць дзён туды прыбылі больш за 6 тысяч мігрантаў, з іх 1066 — толькі 6 лістапада.
У той жа дзень сенегальскія ўлады перахапілі яшчэ адно судна са 142 мігрантамі, якое накіроўвалася ў Іспанію.
Сенегал, Маўрытанія і Марока, паводле ўласных звестак, узмацнілі кантроль каля сваіх узбярэжжаў. Таму лодкі кантрабандыстаў адпраўляюцца ў плаванне далей на поўдзень, што робіць маршрут яшчэ больш працяглым і небяспечным.
Часцей за ўсё за такімі перавозкамі стаяць бязлітасныя злачынныя групоўкі, якія бяруць з уцекачоў тысячы еўра за падарожжа на ненадзейных драўляных лодках.
Загінулыя ёсць і каля берагоў Крыта
Не толькі Атлантычны акіян каля Канарскіх астравоў, але і ўсходняя частка Міжземнага мора ператвараецца ў смяротную пастку для ўцекачоў з Афрыкі.
На поўдзень ад грэцкага вострава Крыт у мінулыя выходныя загінулі як мінімум 20 чалавек. З лодак з уцекачамі ўдалося выратаваць 133 чалавекі, як мінімум двое лічацца зніклымі без вестак.
Уцекачы выйшлі ў мора з Лівіі некалькімі днямі раней. За падарожжа яны заплацілі ад 1000 да 2500 еўра.