БЕЛ Ł РУС

Чаму кашаль не адпускае тыднямі пасля прастуды і што з ім рабіць

12.11.2026 / 06:00

Ідаля Салавей

Прастуда ўжо мінула, тэмпературы няма, а кашаль працягвае мучыць некалькі тыдняў. Медыкі тлумачаць, чаму так адбываецца, якія сродкі сапраўды могуць дапамагчы і калі трэба звярнуцца да доктара.

Фота: Andrii Synenkyi / Vecteezy

Большасць рэспіраторных вірусных інфекцый, такіх як прастуда, грып або кавід, звычайна мінае за адзін-два тыдні. Але кашаль нярэдка застаецца апошнім сімптомам, які ніяк не хоча знікаць.

Калі ён працягваецца ад трох да васьмі тыдняў пасля выздараўлення, медыкі гавораць пра поствірусны, або постінфекцыйны, кашаль. З ім, паводле ацэнак спецыялістаў, сутыкаецца да чвэрці дарослых пасля рэспіраторных інфекцый.

Чаму кашаль працягваецца, калі хвароба ўжо мінула

Як сцвяджаюць эксперты, з якімі паразмаўлялі журналісты The Washington Post, дакладны механізм гэтай з'явы да канца не вывучаны.

Адна з асноўных версій — вірусы пакідаюць пасля сябе запаленне ў лёгкіх і пашкоджваюць слізістую абалонку дыхальных шляхоў. У выніку нават пасля знікнення інфекцыі яны застаюцца раздражнёнымі.

З часам можа ўзнікнуць своеасаблівае замкнёнае кола: пастаянны кашаль яшчэ больш узбуджае нервовыя канчаткі, якія адказваюць за кашлявы рэфлекс. І тады прыступ здольныя справакаваць нават звычайныя раздражняльнікі — напрыклад, перапад тэмпературы або невялікая колькасць слізі ў горле.

Пры гэтым прычына можа быць не толькі ў наступствах віруснай інфекцыі. Нярэдка кашаль падтрымлівае слізь, якая сцякае з носа і насавых пазух па задняй сценцы глоткі. Іншы магчымы фактар — рэфлюкс, калі змесціва страўніка закідваецца ўверх і раздражняе горла. Прычым пякоткі можа і не быць.

Часам перанесеная інфекцыя таксама выяўляе раней непрыкметную астму або іншае хранічнае запаленне дыхальных шляхоў. Таму не кожны працяглы кашаль варта аўтаматычна спісваць на наступствы прастуды.

Што можа пагоршыць стан

Пакуль дыхальныя шляхі аднаўляюцца, яны асабліва адчувальныя да навакольнага асяроддзя. Найчасцей кашаль узмацняюць халоднае і сухое паветра, рэзкія змены тэмпературы, пыл і алергены, у тым ліку поўсць і часцінкі скуры хатніх жывёл.

Спецыялісты раяць у халоднае надвор'е прыкрываць нос і рот шалікам або маскай. Гэта дапамагае захаваць цяпло і вільгаць выдыханага паветра, каб халоднае паветра менш раздражняла дыхальныя шляхі. У сухіх памяшканнях можа спатрэбіцца ўвільгатняльнік.

На час аднаўлення таксама лепш зменшыць інтэнсіўнасць фізічных нагрузак: цяжкія трэніроўкі, пасля якіх даводзіцца часта і глыбока дыхаць, могуць справакаваць прыступ кашлю.

Курэнне і вейпы варта выключыць, бо яны дадаткова раздражняюць лёгкія.

Што сапраўды можа дапамагчы

Спецыялісты прызнаюць, што надзейна даказаных спосабаў істотна скараціць працягласць поствіруснага кашлю пакуль няшмат. У большасці выпадкаў ён паступова знікае сам, калі дыхальныя шляхі аднаўляюцца.

Але палегчыць сімптомы можна. Адзін з простых сродкаў — мёд. Чайная лыжка некалькі разоў на дзень дапамагае супакоіць раздражнёнае горла і радзей кашляць.

З аптэчнымі прэпаратамі сітуацыя складанейшая. Эфектыўнасць многіх безрэцэптурных сродкаў ад кашлю невысокая, а некаторыя могуць мець непажаданыя пабочныя эфекты.

Асабліва ўважліва трэба ставіцца да камбінаваных лекаў ад прастуды: некалькі розных прэпаратаў могуць утрымліваць адзін і той жа кампанент, у тым ліку парацэтамол. Выпадковае перавышэнне яго дозы пагражае сур'ёзным пашкоджаннем печані.

Адносна бяспечным сродкам эксперты называюць гвайфенезін (у Беларусі прадаецца, напрыклад, пад назвай «Гвайтусін Плюс»), які разрэджвае слізь і палягчае яе вывядзенне. Аднак пераканаўчых доказаў таго, што ён істотна памяншае кашаль, няма.

Далейшыя меры залежаць ад прычыны. Калі адчуваецца слізь у носе і горле, могуць дапамагчы прамыванні носа солевым растворам, а ў некаторых выпадках — назальныя супрацьзапаленчыя спрэі або антыгістамінныя прэпараты.

Калі ж кашаль звязаны з рэфлюксам, варта паспрабаваць есці меншымі порцыямі, не класціся на працягу некалькіх гадзін пасля ежы і абмежаваць прадукты, якія могуць яго правакаваць: вострыя стравы, таматы, шакалад, каву і алкаголь.

Калі варта звярнуцца да доктара

Сам па сабе кашаль, які застаўся пасля віруснай інфекцыі, не абавязкова сведчыць пра новую хваробу. Але важна сачыць, ці няма іншых трывожных сімптомаў.

Калі пасля пачатковага паляпшэння стан прыкладна на дзясяты дзень зноў пагаршаецца, з'яўляецца высокая тэмпература або становіцца цяжка дыхаць, трэба звярнуцца да доктара. Гэта можа сведчыць пра ўскладненні, у тым ліку пнеўманію ці сінусіт.

Людзям старэйшым за 60 гадоў, курцам і тым, хто мае хранічныя захворванні лёгкіх, медыкі раяць звярнуцца да доктара ўжо пасля двух тыдняў кашлю, які не мінае.

Кансультацыя патрэбная і тады, калі кашаль узмацняецца, перашкаджае звычайнаму жыццю або працягваецца больш за восем тыдняў. У такім выпадку ён ужо лічыцца хранічным, і доктар павінен праверыць, ці няма іншай прычыны — напрыклад, астмы або рэфлюксу.

Пасля абследавання доктар можа падабраць лячэнне асноўнага захворвання або часова прызначыць сродкі, якія аслабляюць кашлявы рэфлекс.

Але калі сур'ёзных прычын не выяўлена, галоўным сродкам часта застаецца час. Як тлумачаць спецыялісты, лекі могуць палегчыць гэты перыяд, але не здольныя прымусіць раздражнёныя дыхальныя шляхі аднавіцца імгненна.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула