У сеціве вірусіцца рагачоўскі гімн, які спяваюць у касцюме згушчонкі — хто яго аўтар?
Нумар параўноўваюць з хітом Ксеніі Дзягелькі «Я з вёскі».
Паліна Казакевіч і падтанцоўка ў касцюмах рагачоўскай згушчонкі. Фота: slova.by
Па сацсетках разышлося відэа з апошняга выпуску шоу «Зорны шлях» на АНТ: на ім 18‑гадовая вакалістка Паліна Казакевіч у касцюме рагачоўскай згушчонкі спявае оду любімаму гораду і самаму вядомаму мясцоваму ласунку.
«Я из Рогачева,
Это город клевый.
Я из Рогачева.
Сладкая на вкус.
Я из Рогачева —
любишь стопудово
Сладкое блаженство
made in Belarus», — менавіта так гучыць прыпеў песні ў арыгінале.
З-за патрыятычнай падачы нумар Казакевіч некаторыя параўноўваюць з хітом Ксеніі Дзягелькі «Я з вёскі».
Ураджэнка Рагачова Паліна Казакевіч — студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. Вакалам яна займаецца з самага маленства, скончыла ў родным горадзе дзіцячую школу мастацтваў імя Анатоля Каплана.
На кастынгу для шоу «Зорны шлях» у Гомелі ёй амаль адразу зацікавіўся прадзюсар і праўладны кампазітар Яўген Алейнік і запрасіў да сябе ў каманду. Менавіта ён разам са сваёй жонкай і напісаў песню пра згушчонку для падапечнай. Праўда, яна не стваралася з нуля, гэта кавер на «Сан-Францыска» расійскай групы «Кар-Мэн».
Члены журы высока ацанілі выступ дзяўчыны ў другім чвэрцьфінале конкурсу, яна прайшла далей. На шоу ўпэўненыя, што песня стане гімнам Рагачова.
Словам, у сацсетках сапраўды адзначаюць яе прыліплівасць і запамінальнасць. Ды і колькасць праглядаў менавіта ў нумара Казакевіч на дадзены момант найбольшая — у адным інстаграме яе выступ паглядзела больш за 300 тысяч чалавек.
Праўда, адэпты глыбоцкай адразу прыйшлі ў каментары, каб нагадаць, што ўсё ж згушчонка з Глыбокага — найлепшая і заслугоўвае гімнаў.
Чытайце таксама:
Кампазітар Алейнік хоча стварыць форум для бічавання артыстаў, якія падтрымалі пратэсты ў 2020-м
Дзяржаўны знак якасці прысвоілі толькі адной з дзвюх беларускіх згушчонак. Дык Глыбокае ці Рагачоў?