Пад Мінскам школьнік знайшоў у лужыне на дарозе карал, якому можа быць 400 мільёнаў гадоў
Пад Мінскам пяцікласнік знайшоў скамянелы карал, узрост якога, паводле папярэдняй ацэнкі, складае каля 400 мільёнаў гадоў. Незвычайная знаходка ўжо перададзеная ў Заалагічны музей біялагічнага факультэта БДУ. Пасля экспертызы яе могуць уключыць у музейную экспазіцыю, піша pristalica.by.
Канстанцін Зайчанка вучыцца ў Чурылавіцкай школе Мінскага раёна, а жыве разам з сям'ёй у Мачулішчах. Хлопчык даўно цікавіцца прыродай, асабліва камянямі і выкапнёвымі парэшткамі, таму часта адпраўляецца на прагулкі ў пошуках незвычайных знаходак.
Сёлета ўлетку ён разам з сябрамі ўжо не першы раз наведаў палявую дарогу каля вуліцы Авіятараў у ваколіцах Мачулішчаў. Гэтае месца ўжо было дзецям знаёмае: раней там неаднаразова трапляліся цікавыя камяні.
Гэтым разам Канстанцін заўважыў аранжава-чырвона-жоўты камень і вырашыў яго выкапаць. Побач ляжалі іншыя камяні, адзін з якіх аказаўся шурпатым навобмацак. Пазней высветлілася, што гэта скамянелы карал. Ён ляжаў проста ў лужыне на разбітай палявой дарозе.
У верасні хлопчык разам з бацькам наведаў Заалагічны музей біялагічнага факультэта БДУ. Падчас экскурсіі ён убачыў калекцыю каралаў і расказаў супрацоўнікам пра ўласную знаходку. Пасля размовы з кіраўніком музея Канстанцін вырашыў падарыць скамянеласць універсітэту. Калі ў сям'і з'явілася магчымасць, яны зноў прыехалі ў музей, каб перадаць экспанат.
Паводле папярэдняй ацэнкі, узрост карала можа складаць каля 400 мільёнаў гадоў. Бацька хлопчыка Сяргей расказаў, што кіраўнік музея звярнуў увагу на значныя памеры знаходкі і выказаў меркаванне, што яна можа сведчыць пра старажытнае марское мінулае гэтай тэрыторыі.
Цяпер скамянеласць чакае спецыяльнай экспертызы. Пасля яе правядзення знаходку плануюць размясціць у музеі побач з іншымі караламі.
Цікавасць Канстанціна да прыроды не абмяжоўваецца пошукам камянёў. Дома ён разводзіць крэветак і мурашак, назірае за жывёламі і насякомымі, а для вывучэння навакольнага свету карыстаецца ўласным мікраскопам. Паводле слоў бацькі, біялогія і даследаванне прыроды — адно з галоўных захапленняў хлопчыка.