БЕЛ Ł РУС

«Трошкі і фатаграфіі няўдалыя». У Быхаўскім райвыканкаме расказалі, чаму ў скульптуры да Года жанчыны такі дзіўны твар

9.11.2026 / 22:10

Nashaniva.com

У Быхаве ў адным з паркаў паставілі скульптурную кампазіцыю «Жанчыне-маці», прымеркаваную да абвешчанага ўладамі Года беларускай жанчыны. Яна непрыемна здзівіла сваёй нізкай мастацкай якасцю, якая проста кідаецца ў вочы. Журналістка выдання «Люстэрка» пад выглядам зацікаўленай быхаўчанкі пазваніла ў мясцовы райвыканкам, каб даведацца, што пра гэты твор мастацтва думаюць там. 

Новы помнік «Жанчыне-маці» ў Быхаве. Фота: bykhov.by

З прыёмнай райвыканскама журналістку перанакіравалі да намесніка старшыні Аляксандра Саксонава, пасля чаго адбыўся наступны дыялог:

— Чытала навіны пра адкрыццё скульптуры ў Быхаве, паглядзела фота — і, калі шчыра, была ў шоку. Вельмі дзіўна выглядае гэты помнік, асабліва твар у гэтай жанчыны нейкі як пасля інсульту. Як можна было такі непрыгожы помнік усталяваць? Гэта нейкі сюрпрыз ад мастака?

— Не, ёсць вялікія заўвагі, і да канца гэтага тыдня яны будуць выпраўленыя. Мы з мастаком перагаварылі. Ну атрымалася такая сітуацыя, скажам так, не зусім карэктная…

— То-бок вы таксама не бачылі да зняцця палатна, як гэта будзе выглядаць?

— Як гэта вам правільна растлумачыць… Ну, ёсць недапрацоўкі. Мы да канца тыдня выправім гэта.

— Я падумала, калі шчыра, што, можа, гэта сучаснае мастацтва такое.

— Не, гэта не сучаснае мастацтва. Тут трошкі і фатаграфіі няўдалыя (ракурс, вядома, шмат у чым адыгрывае ролю). Але нюансы ёсць, адназначна ёсць. Мы атрымалі зваротную сувязь, і са скульптарам сёння яшчэ раз выехалі на месца, паказалі на ўсе гэтыя недапрацоўкі, якія не адпавядаюць, таму да канца тыдня ён мусіць выправіць усё.

— Ведаеце, з тых фатаграфій здаецца, што ў жанчыны інсульт.

— Не, ну так, я ж кажу, фатаграфіі няўдалыя. І нібыта гэта ж нашыя фатаграфіі. Не ўсё так дрэнна [у рэальнасці], не ўсё так крытычна…

— А на эскізе таксама так было? Няўжо зацвердзілі такі эскіз?

— Не, не. З эскізам усё добра. Трошкі адбылася замена: там было са звычайнага каменю, тут граніт, таму і па колерах сыграла трошкі не тое. Ну і сама сітуацыя ў тым, што там быў нахіл, паварот галавы, а тут недапрацоўка мастака, што адразу паклаў шчаку на плячо. І атрымліваецца, з гэтага ракурсу яно проста трошкі быццам перакошанае. Таму я ж кажу, што сёння выехалі ўжо экспертныя камісіі. <…> Там месца добрае, і парк, і распрацавалі яго, і зрабілі асвятленне дадатковае, лаўкі яшчэ давязём. Там будуць чатыры фатазоны азелянення зробленыя па сезонах года. Таму парк упарадкавалі, усё добра. А па скульптуры, вядома… Дапрацуем. Усё будзе добра.

Чытайце таксама:

У Быхаве паставілі выродлівы помнік жанчыне. Разам са скульптурай у Касцюковічах ён можа стаць сімвалам культурнай дэградацыі Беларусі пры Лукашэнку

У Дзяржынску адкрылі скульптуру «Імя ёй — жанчына» ФОТЫ

У Касцюковічах адкрылі скульптуру «Алесь і Алеся» ФОТАФАКТ

Каментары да артыкула