БЕЛ Ł РУС

Якім Ціханоўскі бачыць «Аб'яднаны Офіс»? Засядаюць 14 чалавек, а Ціханоўскую праз год чакаюць выбары

9.11.2026 / 22:56

Nashaniva.com

Статус «лідара» прапануецца перакідваць штогод — як гарачую бульбу.

Сяргей Ціханоўскі. Фота: instagram.com/stranadlyazhizni

Паплечнікі Сяргея Ціханоўскага падзяліліся з «Нашай Нівай» праектам стварэння прыдуманага ім «Аб'яднанага офіса дэмакратычных сіл Беларусі».

Як плануецца, у новым органе было б 14 дэлегатаў.

Сем з іх пастаянныя — Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Вераніка Цапкала, Валерый Цапкала, Сяргей Ціханоўскі.

Яшчэ сем прапануецца штогод нейкім чынам абіраць.

Галоўная ідэя ў тым, што цяперашні статус Святланы Ціханоўскай як лідаркі дэмакратычных сіл будзе штогод перадавацца камусьці іншаму.

Ціханоўскай прапануецца даць кіраваць «Аб'яднаным офісам» першы год, а пасля яе будуць чакаць «выбары».

Няясна, месца лідара зможа заняць толькі нехта з сямі пастаянных членаў ці на яго будуць прэтэндаваць і часовыя ўдзельнікі.

Падобная ідэя ўжо была ў беларускай апазіцыі ў другой палове 2000-х. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года лідарам дэмакратычных сіл быў адзіны кандыдат Аляксандр Мілінкевіч, але менш папулярныя кіраўнікі партый з гэтым мірыцца не жадалі. Яны прапаноўвалі калектыўнае кіраўніцтва, у якім статус лідара пастаянна пераходзіць з рук у рукі. У выніку на Кангрэсе дэмакратычных сіл у маі 2007 года Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы перайшлі на ратацыйнае сустаршынства, якое дзялілі паміж сабой Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька і Анатоль Ляўковіч. Ідэя правалілася, ніхто з гэтых сустаршыняў нават не дайшоў да прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

«Наша Ніва» звярнулася да Сяргея Ціханоўскага з дадатковымі пытаннямі наконт яго ініцыятывы. Ён вырашыў не адказваць на іх.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула