Замест мэблевай фабрыкі ў Шклове зробяць завод металаканструкцый
Аляксандр Лукашэнка даручыў перадаць пад новую вытворчасць будынак былой мэблевай фабрыкі «ШклоўФорэст» у Шклове. Да канца 2027 года там плануюць наладзіць выпуск лёгкіх сталёвых танкасценных канструкцый. Пра гэта стала вядома падчас працоўнай паездкі Лукашэнкі ў Шклоўскі раён.
Лукашэнка са світай у будынку былой мэблевай фабрыкі. Фота: прэс-служба палітыка
Агульная плошча былой фабрыкі складае 5000 квадратных метраў, але для новага прадпрыемства выдзеляць толькі 2000. Там збіраюцца паставіць шэсць станкоў. Па словах старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава, у Шклове будзе працаваць філіял мінскага завода. Спачатку неабходна прывесці ў парадак памяшканні, а вырабу станкоў на заказ давядзецца чакаць ад шасці да васьмі месяцаў.
Мэблевая фабрыка «ШклоўФорэст» працавала на гэтым месцы з пачатку 2000‑х гадоў. Яе галоўным акцыянерам была літоўская кампанія «Ліндэкс», якая прыцягнула да супрацоўніцтва прадпрымальнікаў з амерыканскага штата Аклахома.
Прадпрыемства дзейнічала да 2012 года, але пасля сутыкнулася з фінансавымі праблемамі і не змагло перабудаваць сваю працу. Пазней для гэтай пляцоўкі шукалі інвестараў і разглядалі магчымасць арганізаваць паглыбленую перапрацоўку драўніны з элементамі мэблевай вытворчасці. Аднак у выніку прадпрыемства збанкрутавала.
Цяпер будынкамі валодае прыватная арганізацыя, якая сама нічога не вырабляе, а здае памяшканні ў арэнду іншым прадпрымальнікам для невялікіх вытворчасцяў, напрыклад кардоннай упакоўкі.
Лукашэнка заявіў, што месца хопіць усім і нікога не трэба выганяць, калі людзі працуюць. Разам з тым ён дадаў, што прыватным прадпрымальнікам варта дапамагчы, але ім давядзецца падцягнуць сваю дзейнасць да ўзроўню, на якім будзе працаваць новае прадпрыемства.
Чытайце таксама:
Лукашэнка пацвердзіў, што мае намер будаваць яшчэ адзін азотны камбінат
Лукашэнка патрабуе адкрываць у сельскай мясцовасці міні-пякарні са свежым хлебам
«Вокны з чорным налётам не адмыць». Пінчукі скардзяцца на адходы «Пінскдрэва»
Пазняк: Тое, што Лукашэнка гандлюе з Расіяй і Пуціным — нармальная справа