БЕЛ Ł РУС

У беларускіх чатах у Польшчы вярбуюць трафарэтчыкаў. За надпіс «Слава УПА» на помніку абяцаюць 500 даляраў

10.11.2026 / 14:08

Nashaniva.com

У эмігранцкім тэлеграм-чаце Беластока з'явілася абвестка пра падпрацоўку ў Познані. За адзін выхад абяцалі 500 даляраў, а яшчэ аплату дарогі і «бяспечныя ўмовы». Пра тое, што менавіта давядзецца рабіць, не гаварылася.

Журналіст Most адгукнуўся на аб'яву і высветліў: за такія грошы прапануюць пісаць «Слава УПА» на помніках і прыклейваць да іх QR-коды. Чалавек, які размясціў вакансію, прызнаў, што праца незаконная, але запэўніваў, што выканаўцу не знойдуць, калі той схавае твар. Падобныя заданні, паводле яго слоў, ёсць і ў іншых польскіх гарадах.

«Праца чорная, кажу адразу»

7 лістапада ў рэдакцыю напісаў чытач. Ён заўважыў у тэлеграм-чаце Беластока аб'яву пра працу, якая падалася яму падазронай. Аўтар аб'явы прапаноўваў пісаць яму ў асабістыя паведамленні. Што менавіта трэба рабіць, ён не ўдакладняў.

«Ёсць магчымасць добра зарабіць у Познані! Трафарэтчык. Аплата 500$ за адзін выхад! Пераезд аплочваецца ў абодва бакі. Бяспечныя ўмовы», — гаварылася ў паведамленні.

Журналіст вырашыў высветліць падрабязнасці і адгукнуўся на паведамленне пад выглядам чалавека, які шукае падпрацоўку ў Познані.

«Праца чорная, кажу адразу», — папярэдзіў суразмоўца. І патлумачыў: «Трэба балончыкам на помніку напісаць слова. За 500$».

Аказалася, што на помніку трэба напісаць «Слава УПА». Гаворка пра Украінскую паўстанцкую армію, якая ў Польшчы асацыюецца найперш з Валынскай разнёй — знішчэннем этнічнай польскай меншасці.

Пры гэтым заказчык даслаў фота, на якім бачныя два помнікі: Адаму Міцкевічу і Познаньскаму чэрвеню 1956 года (Poznański Czerwiec 1956) — першаму буйному масаваму выступленню рабочых супраць камуністычнай улады ў пасляваеннай Польшчы.

«Калі схаваць твар, то не знойдуць»

Акрамя надпісу, заказчык хацеў размясціць на помніку QR-код: яго трэба было б самому раздрукаваць і потым прыклеіць. Яго абяцалі даслаць асобна. Куды ён будзе весці, не патлумачылі.

На пытанне журналіста, ці законна гэта, суразмоўца адказаў: «Не, але калі схаваць твар і хутка ўсё зрабіць, то не знойдуць».

Ён параіў выконваць заданне пасля наступлення цемры. А на апасенні, што пасля такой працы могуць узнікнуць праблемы з паліцыяй, адказаў, што «нікога не лавілі пасля гэтага». І потым стаў запэўніваць, што на помніках няма камер.

Суразмоўца не патлумачыў, хто заказвае падобныя надпісы і навошта яны патрэбныя. Але потым сам загаварыў пра палітычную падаплёку задання.

«Адна х** на расійскую правакацыю спішуць», — напісаў ён. А потым дадаў: «Там жа цяпер на мяжы з Калінінградам п**** дзеецца, пад шумок робім».

Ён не патлумачыў, пра што ідзе размова.

У пачатку лістапада стала вядома, што паліцыя Польшчы, памежная служба, спецслужбы і войска праводзяць спецаперацыю на мяжы з Калінінградскай вобласцю. Падставай для аперацыі сталі паведамленні польскай Службы вайсковай разведкі, а таксама саюзных спецслужб пра рызыку дыверсійных дзеянняў Расіі, у тым ліку пра магчымае парушэнне мяжы ўзброенымі групамі.

Даслаў фотаздымкі ўжо распісаных помнікаў

Падчас перапіскі суразмоўца даслаў журналісту яшчэ два фотаздымкі помнікаў, на якіх бачныя аналагічныя надпісы. Ён прапанаваў зрабіць падобны надпіс, але большага памеру, а побач размясціць QR-код. Калі зробленыя дасланыя фота, невядома.

Працу прапануюць не толькі ў Познані

Падчас размовы высветлілася, што падобныя заданні ёсць і ў іншых польскіх гарадах. Суразмоўца назваў Варшаву, Уроцлаў і Люблін. Калі журналіст паведаміў, што знаходзіцца ў Беластоку, мужчына паабяцаў удакладніць, ці ёсць праца бліжэй. Але даў зразумець, што тым, хто выконваў падобныя заданні ў іншых гарадах, абяцалі аплачваць дарогу і жыллё.

Грошы прапаноўваў перавесці ў крыптавалюце або перадаць наяўнымі. Адзін з прапанаваных варыянтаў — пакінуць іх у сумцы.

«Калі даш рады, ёсць выезды ў іншыя гарады з аплатай жылля», — акрэсліў ён перспектывы. Каб было не так страшна, на першае заданне дазволіў узяць кагосьці яшчэ.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула