БЕЛ Ł РУС

Зяленскі назваў найхутчэйшы спосаб завяршыць вайну

10.11.2026 / 14:43

Nashaniva.com

На гэта можа пайсці месяц, два ці нават год, мяркуе ўкраінскі прэзідэнт.

Зруйнаваны будынак у выніку расійскага ўдару па Кіеве, фота: Dan Bashakov / AP

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што найхутчэйшы спосаб завяршыць вайну Расіі супраць Украіны — спыніць агонь на цяперашняй лініі сутыкнення і перайсці да перамоў. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю DR Nyheder, піша «Украінская праўда».

«Найхутчэйшы спосаб завяршыць вайну Расіі — утрымліваць пазіцыі і пераходзіць да перамоў. І тут вельмі важна, што мы прынялі рашэнне: спыняемся там, дзе знаходзімся, спыняем агонь і пераходзім да дыпламатычнага шляху. Гэта можа працягвацца месяц, два месяцы ці год. А можа, нават даўжэй, чым мы чакаем. Але мы завяршаем гарачую фазу вайны, і людзі перастаюць гінуць», — сказаў ён.

Паводле слоў прэзідэнта, такі падыход дазволіць запаволіць тэмпы мабілізацыі і ажывіць працу эканомікі, пакуль будуць працягвацца перамовы.

Зяленскі прызнаў, што спыненне агню запатрабуе адказаў на шматлікія пытанні. У прыватнасці, адносна пазіцый бакоў, мандата маніторынгавай місіі, дэмілітарызацыі, удзелу еўрапейцаў і фінансавання аднаўлення краіны.

Разам з тым ён падкрэсліў, што патрабаванне кіраўніка РФ Уладзіміра Пуціна спачатку ўзгадніць усеабдымны план і толькі пасля гэтага спыніць баявыя дзеянні сведчыла б пра нежаданне спыняць вайну.

«Калі Пуцін не хоча спынення агню і кажа: «Не, я хачу доўгі план з рознымі пытаннямі — складанымі, далікатнымі і не вельмі. І потым, калі мы падпішам гэты доўгі план, мы спынім вайну», гэта проста азначае, што ён не хоча спыняць вайну», — адзначыў Уладзімір Зяленскі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула