У Францыі з царквы скралі і знішчылі мошчы святога Мікалая — таго, хто стаў правобразам Санта-Клауса
Затрыманы падазраваны прызнаўся, што спаліў рэліквію, бо лічыў шанаванне мошчаў ідалапаклонствам.
Інтэр’ер гатычнай базылікі святога Мікалая ў французскім горадзе Сен-Нікаля-дэ-Пор. Фота: Catholix.fr
У французскім горадзе Сен-Нікаля-дэ-Пор, што ў Латарынгіі, стаіць вялікая гатычная базыліка, куды ўжо шмат стагоддзяў прыязджаюць паломнікі, каб ушанаваць мошчы святога Мікалая. Менавіта гэты святы стаў адным з правобразаў Санта-Клаўса. Штогод у снежні ў горадзе праводзяць урачыстае шэсце з факеламі, і цяпер тут рыхтуюцца да чарговага свята.
Аднак сёлета, як піша Daily Mail, падрыхтоўку азмрочыў крадзеж. 2 лістапада святары паведамілі ў паліцыю, што з адной з капліц базылікі знікла рэліквія — невялікі фрагмент косткі, якую лічаць мошчамі святога Мікалая. Яна захоўвалася ў рэлікварыі пад яго статуяй.
Паліцыя вызначыла асобу падазраванага і затрымала яго. Мужчына прызнаўся, што разбіў шкляную вітрыну і выкраў рэліквію. Пасля ён спаліў фрагмент косткі і раздрабніў яго. Свой учынак затрыманы патлумачыў жаданнем знішчыць тое, што лічыў праявай фетышызму.
У парафіі заявілі, што ўспрымаюць здарэнне не толькі як страту гістарычнай каштоўнасці, але і як удар па веры і традыцыях многіх пакаленняў паломнікаў.
Пры гэтым галоўныя святыні базылікі не пацярпелі. У яе скарбніцы захоўваюцца яшчэ сем фрагментаў костак, якія прыпісваюць святому Мікалаю. Найбольш шанаваная рэліквія змешчана ў багата аздобленым рэлікварыі ў форме рукі. Знішчаны ж фрагмент знаходзіўся асобна — пад статуяй святога яго размясцілі ў пачатку 2000‑х гадоў.
Рэлікварый у форме рукі, у якім захоўваецца адна з галоўных святыняў базылікі святога Мікалая ў французскім горадзе Сен-Нікаля-дэ-Пор. Фота: Catholix.fr
Чаму гэтая рэліквія такая важная
Святы Мікалай жыў у III—IV стагоддзях і быў епіскапам горада Міра на тэрыторыі сучаснай Турцыі. Паводле хрысціянскага падання, ён дапамагаў бедным і таемна раздаваў падарункі. Асабліва вядомая гісторыя пра тое, як Мікалай падарыў золата тром дзяўчатам з беднай сям'і, каб выратаваць іх ад жабрацтва і прастытуцыі.
Менавіта традыцыя таемных падарункаў, звязаная са святым Мікалаем, з часам стала адной з асноў сучаснага вобраза Санта-Клаўса.
У 1087 годзе маракі вывезлі мошчы святога з Міры ў італьянскі горад Бары. А ў 1098 годзе французскі рыцар Абэр дэ Варанжэвіль прывёз адтуль у Латарынгію фрагмент косткі, які, паводле падання, быў часткай пальца правай рукі Мікалая.
З таго часу Сен-Нікаля-дэ-Пор стаў важным цэнтрам паломніцтва. У XV стагоддзі тут пачалі будаваць вялікую гатычную базыліку ў гонар святога, якога лічаць апекуном Латарынгіі.
Штогод 6 снежня ў горадзе адзначаюць дзень святога Мікалая, а напярэдадні ладзяць традыцыйнае шэсце з факеламі. Сёлета яно запланаванае на 5 снежня.