На Арлоўскай у Мінску сталі зносіць двухпавярховікі
Маштабны знос на Арлоўцы, які абмяркоўваюць ужо каля паўтара месяца, закрануў не толькі сядзібы.
«Лішнімі» аказаліся ў тым ліку пасляваенныя двухпавярховікі, якіх тут нямала. Першы з іх — дом № 31 на вуліцы Гая — сёння сустрэў свой сумны лёс, піша Onliner.by.
Яшчэ ў першай палове дня да сціплага дома пад'ехала спецыялізаваная тэхніка. Усе восем кватэр, якія некалі былі цёплымі і ўтульнымі, ужо даўно адселеныя. Без драм і відэазваротаў.
Сам будынак абнеслі агароджай яшчэ ў пачатку верасня. Аднак да работ прыступілі толькі сёння.
Каб старая пабудова не «разляцелася» на сотні метраў вакол, самыя «гарачыя» ўчасткі палівалі вадой са шланга з распырсквальнікам. Відовішча атрымалася эфектнае. Камусьці пашанцавала назіраць за ім проста з уласнага балкона.
На тое, каб дэмантаваць будынак, у спецыялістаў сыдзе дзень-два (будавалі яго, відавочна, значна даўжэй).
У выніку па адрасе вуліца Гая, 31, застанецца толькі гара смецця. Ды і тая растане на вачах.
На Арлоўцы плануюць паступова знесці каля чатырох соцень сядзіб і шэраг двухпавярховікаў. Усё для таго, каб вызваліць месца пад будаўніцтва новага жылога комплексу.