Зяленскі назваў першы дзень перамоў у Абу-Дабі «канструктыўным і даволі змястоўным»
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў пра вынікі першага дня перамоў у Абу-Дабі. Спачатку ўкраінская дэлегацыя правяла сустрэчу з еўрапейскімі і амерыканскімі партнёрамі, пасля чаго адбыліся трохбаковыя перамовы з удзелам прадстаўнікоў Украіны, ЗША і Расіі.
Уладзімір Зяленскі. Фота: прэс-служба прэзідэнта Украіны
Паводле слоў Зяленскага, трохбаковая сустрэча прайшла канструктыўна і была даволі змястоўнай. Бакі абмеркавалі неабходнасць і магчымыя параметры гуманітарных крокаў. Адным з галоўных прыярытэтаў Украіны застаецца вызваленне ваеннапалонных.
Таксама падрабязна разглядаліся змест гарантый бяспекі для Украіны і асновы іх доўгатэрміновага функцыянавання. Украінскі бок падкрэсліў неабходнасць рэальных механізмаў, якія не дазволяць паўтарыць вайну. Акрамя таго, абмяркоўвалася неабходнасць крокаў для дээскалацыі.
Украінскі прэзідэнт паставіў перад сваёй дэлегацыяй канкрэтныя задачы для далейшага дыялогу — як падчас трохбаковых перамоваў на наступны дзень, так і ў ходзе сустрэч з прадстаўнікамі прэзідэнта ЗША і еўрапейскімі партнёрамі ў найбліжэйшыя дні.
Галоўнай мэтай ён назваў рэальнае набліжэнне міру і запэўніў, што ўкраінскі бок будзе весці прадуктыўную, якасную і сумленную працу. Таксама ён падзякаваў ЗША за арганізацыю перамоў, а Аб’яднаным Арабскім Эміратам — за наданне пляцоўкі для сустрэч.
Чытайце таксама:
Трохбаковыя перамовы ў Абу-Дабі працягнуцца заўтра
Расія, Украіна і ЗША аднаўляюць перамовы пасля доўгай паўзы. Чаго чакаць ад сустрэчы ў Абу-Дабі?