Кастрацыя падаўжае жыццё — навукоўцы гэта пацвердзілі
Эксперымент на мышах паказаў, што выдаленне яечкаў можа павялічыць працягласць жыцця больш чым на 30%. Але даследчыкаў здзівіла тое, у якім узросце аперацыя аказалася найбольш эфектыўнай.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: FangXiaNuo / Getty Images
Жанчыны ў большасці краін свету жывуць даўжэй за мужчын. Напрыклад, у Беларусі, паводле звестак Белстата за 2024 год, чаканая працягласць жыцця мужчын складала 69,3 года, а жанчын — 79,8 года. Розніца — больш за дзесяць гадоў.
Часткова гэта тлумачыцца паводзінамі і ладам жыцця, але розніца захоўваецца, нават калі ўлічыць такія фактары, як няшчасныя выпадкі, самагубствы і забойствы. Гэта сведчыць пра існаванне і біялагічных прычын.
Адной з іх можа быць уплыў мужчынскіх палавых залоз — яечкаў. Як піша Science, навукоўцам даўно вядома, што кастрацыя здольная павялічваць працягласць жыцця самцоў розных відаў сысуноў. Ёсць і гістарычныя даследаванні людзей, якія сведчаць пра падобны эфект.
У прыватнасці, даследаванне 1969 года, праведзенае на аснове звестак пра пацыентаў псіхіятрычнай установы, якіх у мінулым прымусова кастрыравалі, паказала, што яны маглі жыць больш чым на дзесяць гадоў даўжэй за некастрыраваных мужчын. А аналіз даных 2025 года па 22 відах хрыбетных выявіў паслядоўнае павелічэнне даўгалецця пасля кастрацыі.
Але доўгі час заставалася незразумелым, чаму гэта адбываецца і ці абавязкова выдаляць яечкі ў маладосці, каб атрымаць такі эфект.
Найбольшы эфект — у сталым узросце
Каманда даследчыкаў з Цэнтра медыцынскіх навук Тэхаскага ўніверсітэта ў Сан-Антоніа вырашыла праверыць, як узрост кастрацыі ўплывае на працягласць жыцця. Для эксперыменту выбралі лінію лабараторных мышэй, у якой самкі, падобна да людзей, стабільна жывуць даўжэй за самцоў.
Навукоўцы падзялілі самцоў на тры групы. Першую кастрыравалі яшчэ да палавога паспявання, другую — неўзабаве пасля яго, а трэцюю — ва ўзросце 240 дзён. Для мышэй гэта ўжо паважны век, які даследчыкі прыблізна параўноўваюць з трыццаццю гадамі ў чалавека.
Вынікі аказаліся нечаканымі. Ва ўсіх трох групах кастрыраваныя мышы жылі даўжэй за тых, якім яечкі не выдалялі. Але найбольшы выйгрыш атрымалі жывёлы, кастрыраваныя ў сталым узросце. Іх медыянная працягласць жыцця павялічылася амаль на 33%. Для параўнання, кастрацыя да палавога паспявання дала прырост каля 19%, а адразу пасля яго — каля 26%.
Больш за тое, пасля аперацыі ніводная мыш з трэцяй групы не памерла на працягу больш чым года. Гэта асабліва ўразіла даследчыкаў, бо ў такім узросце смяротнасць сярод мышэй звычайна ўжо пачынае расці.
Вынікі дазволілі выказаць нечаканую гіпотэзу: у маладым узросце яечкі могуць нават спрыяць даўгалеццю, але з гадамі іх уплыў становіцца шкодным.
Чаму так адбываецца?
Яечкі выпрацоўваюць больш за 90% тэстастэрону ў мужчынскім арганізме. Таму можна было б дапусціць, што менавіта гэты гармон скарачае жыццё. Аднак навукоўцы перасцерагаюць ад паспешлівых высноў: кастрацыя выклікае мноства фізіялагічных змен, і пакуль невядома, якія з іх адказваюць за павелічэнне працягласці жыцця.
Цікава, што кастрыраваныя ў сталым узросце мышы не выглядалі фізічна здаравейшымі за астатніх. З узростам яны гэтак жа гублялі мышачную сілу і дэманстравалі іншыя прыкметы старэння. Гэта азначае, што павелічэнне працягласці жыцця не абавязкова суправаджаецца запаволеннем усіх працэсаў старэння.
Даследчыкі цяпер хочуць высветліць, ад якіх захворванняў паміралі паддоследныя жывёлы, і вызначыць рэчывы, якія выпрацоўваюцца яечкамі і могуць уплываць на даўгалецце.
У перспектыве гэта можа дапамагчы стварыць прэпараты, якія імітуюць станоўчы ўплыў кастрацыі на працягласць жыцця, але без выдалення палавых залоз і звязаных з гэтым наступстваў.