«Чэрва» з Баранавічаў пратрымаўся на фронце няпоўныя два месяцы. Сям'і цяпер адзін клопат — як аформіць грабавыя
Віталь Чарняк працаваў у Беларусі кранаўшчыком і кладаўшчыком, а пасля з’ехаў у Расію ды падпісаў кантракт з расійскай арміяй.
Віталь Чарняк. Фота з WhatsApp
Віталю Чарняку з Баранавічаў 49 гадоў. Як мінімум з 2019 года мужчына працаваў кладаўшчыком у мясцовай кампаніі «ТІБ-Мэбля», а ў 2025 годзе ўладкаваўся машыністам крана.
Апошнім часам Чарняк працаваў у Расіі ў ахове. У Беларусі ў яго засталіся жонка Вольга, а таксама дзве дачкі — студэнтка і малодшая непаўналетняя.
Як вынікае са злітых даных рэестраў, у канцы ліпеня 2026 года Віталь атрымаў расійскі індывідуальны страхавы нумар і падпісаў кантракт з Міністэрствам абароны Расіі. Ён трапіў у 80‑ы танкавы полк (вайсковая часць 87441), дзе атрымаў пазыўны «Чэрва».
Віталь Чарняк. Фота з ягонай старонкі ў Аднакласніках
На фронце беларус прабыў нядоўга. Апошні раз ён выходзіў на сувязь са сваякамі 26 верасня 2026 года, меркавана з Данецкай вобласці, а з 11 кастрычніка афіцыйна лічыцца зніклым без вестак.
Пакуль мужчына быў на сувязі, ён паспяваў пералічваць грошы старэйшай дачцэ.
Цяпер жонка Віталя шукае яго праз чаты сваякоў расійскіх вайскоўцаў і адначасова спрабуе дамагчыся грашовых выплат ад Расіі. Па словах жанчыны, сям'я ўжо ездзіла ў Расію, каб адкрыць рахункі на малодшае дзіця, аднак вайсковыя чыноўнікі запатрабавалі асабіста прыехаць яшчэ раз — ужо дзеля адкрыцця расійскага рахунку для паўналетняй дачкі, бо беларуская картка для выплат за зніклага бацьку не пасуе.
Чытайце таксама:
Загінуў аўтаслесар-лудаман з Віцебшчыны. Грошы прайграваў у казіно, а зарабляць пайшоў на вайну
49‑гадовага лесніка з радзімы Лукашэнкі з двума дзясяткамі судзімасцяў узялі ў палон ва Украіне