Лукашэнка павіншаваў народ Польшчы з Днём незалежнасці
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народ Польшчы з нацыянальным святам — Днём незалежнасці, паведамляе яго прэс-служба.
Фота: Alexander Miridonov, Sputnik, Government Pool Photo via AP
«Ва ўмовах сённяшніх істотных выклікаў у Еўропе адносіны паміж Беларуссю і Польшчай, на жаль, значна ўскладніліся, што стала для нас выпрабаваннем на трываласць, — гаворыцца ў віншаванні. — Перакананы, што праз абмен забаронамі і санкцыямі, агароджы і сцены пераадолець гэтыя абставіны немагчыма. У нас розныя пазіцыі па шэрагу праблем — так было і будзе. Пытанне ў тым, ці зможам мы ставіцца да гэтай сітуацыі з разуменнем і нацэленасцю на дыялог, без канфрантацыі і абвінавачванняў».
Беларусь гатовая да такога ўзаемнага падыходу і імкнецца да яго, звярнуў увагу ён.
У такіх віншаваннях Лукашэнка не звяртаецца да кіраўнікоў варожых да афіцыйнага Мінска краін, а віншуе народы.
Вось і гэтым разам ён напісаў наступнае: «Толькі шляхам аднаўлення сапраўднай павагі і даверу можна справіцца з любымі цяжкасцямі, вярнуцца да канструктыўнага развіцця камунікацыі, адрадзіць паспяховае супрацоўніцтва дзеля нашай агульнай карысці і будучыні нашых нашчадкаў».