БЕЛ Ł РУС

Наладжваецца бізнэс па афармленні расіянамі беларускіх ВНЖ на фіктыўных падставах. Усё дзеля куплі аўто на беларускіх нумарах

13.11.2026 / 09:00

Максім Мазыркевіч

Тэма афармлення ВНЖ у Беларусі сярод расіян працягвае набіраць папулярнасць. У абедзвюх краінах ужо з'яўляюцца памагатары, якія за грошы гатовыя дапамагчы з атрыманнем беларускіх дакументаў. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Навошта расіянам беларускі ВНЖ?

Цікавасць да атрымання беларускіх дакументаў у расіян пачала ўзнікаць пасля таго, як з 1 студзеня 2025 года ў Расіі ўвялі драконаўскі ўтылізацыйны збор на аўто з магутнасцю больш за 160 к.с.

Напрыклад, пры ўвозе ў Расію папулярнага ў Беларусі паркетніка Chevrolet Equinox з рухавіком 1,5 літра і магутнасцю 175 к.с. расіяне мусяць заплаціць каля 9500 еўра ўтыльзбору, калі аўто яшчэ няма трох гадоў, і амаль 15 тысяч еўра, калі аўто старэйшае за тры гады.

Але гэта ўсё яшчэ дробязі ў параўнанні з больш магутнымі аўто. 

Так, за трохлітровы бензінавы BMW X5 з рухавіком на 340 к.с. расіянам трэба заплаціць каля 30 тысяч еўра ўтыльзбору. А калі такое аўто будзе старэйшае за тры гады, то больш за 42 тысячы еўра.

Не ўтыльзборам адзіным

Пры гэтым утыльзбор, хоць і асноўная, але не адзіная прычына, чаму машыны ў Беларусі каштуюць нашмат танней, чым у Расіі.

Яшчэ ў Беларусі ёсць 140‑ы ўказ, які дазваляе размытніваць аўто на шматдзетных і інвалідаў першай і другой груп з 50‑працэнтным дысконтам.

Апроч таго ў Беларусі дзейнічаюць льготы па ПДВ для электрамабіляў і квоты на іх цалкам бяспошлінны ўвоз.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

У выніку ўсё больш расіян шукаюць, як набыць аўто і не плаціць дзясяткі тысяч еўра толькі за ўтыльзбор. Адным з такіх рашэнняў з'яўляецца стаць «беларусам» праз атрыманне ВНЖ.

Колькі расіянам каштуе атрымаць ВНЖ

Выглядае, што бліжэй да канца 2026 года пра тэму з беларускімі ВНЖ пачало ведаць усё больш людзей, таму такія паслугі цяпер актыўна прасоўваюць дзялкі па абодва бакі мяжы. Сярод іх ёсць як звычайныя блогеры, так і кампаніі, якія займаюцца продажам і падборам аўто ўнутры Беларусі і на замову.

Адметна, што падзарабіць на гэтым не цураюцца нават юрыдычныя кампаніі, якія не першы год працуюць на беларускім рынку.

Адна з такіх кампаній за юрыдычныя паслугі па афармленні ВНЖ пад ключ бярэ 1500 рублёў, а калі падаюцца разам муж і жонка, то робяць зніжку. Таму за дваіх выходзіць 2800 рублёў.

Скрыншот перапіскі з супрацоўнікам адной са сталічных юрыдычных кампаній, якая аказвае паслугі па дапамозе атрымання ВНЖ расіянамі пад ключ

Гэта толькі кошт самой паслугі. Выдаткі на пошліны, даведкі, медыцынскі агляд і іншае аплачваюцца асобна.

Людзям, якія не маюць магчымасці прапісацца ў сваякоў або знаёмых, трэба вырашыць пытанне з рэгістрацыяй. Кампанія рэгістрацыяй не забяспечвае, але абяцае даць кантакты адразу некалькіх чалавек, якія гатовыя фіктыўна прапісаць расіян у сябе. Кошт такой рэгістрацыі, па словах, пачынаецца з 2400 рублёў з чалавека на год.

Што да тэрмінаў атрымання ВНЖ, то памагатары называюць 3‑4 месяцы пасля першага прыезду ў Беларусь з арыгіналам даведкі аб адсутнасці судзімасці.

З памагатарам ці без, расіяніну давядзецца мінімум тройчы прыехаць у Беларусь.

Першы раз — на 2‑3 дні для афармлення дакументаў і падачы, другі раз — месяцы праз два на адзін дзень, і праз 15 працоўных дзён спатрэбіцца трэці візіт па картку ВНЖ. Спачатку яе выдаюць тэрмінам на два гады.

Фіктыўная не толькі прапіска

Пасля заканчэння тэрміну дзеяння першаснага ВНЖ расіяне маюць права падаваць на картку тэрмінам да 10 гадоў. Але для паспяховага атрымання доўгатэрміновага ВНЖ трэба выканаць некалькі ўмоў, сярод якіх — адсутнасць правапарушэнняў і занятасць у эканоміцы.

Скрыншот перапіскі

Адметна, што кансультанта юрыдычнай кампаніі не засмучвае той момант, што патэнцыйны кліент прызнаецца ў тым, што жыць у Беларусі ён не плануе і хоча зрабіць ВНЖ выключна для таго, каб набыць аўто на беларускіх нумарах і ездзіць на ім у Расіі.

На гэта ён толькі адказвае, што ўсё разумее, і дадае, што цяпер купля аўто — адна з самых распаўсюджаных мэтаў атрымання беларускіх ВНЖ расіянамі і што амаль усе звароты па дапамогу менавіта дзеля куплі аўто.

Каб быць занятым у эканоміцы, кансультант прапануе стаць расіяніну самазанятым, хоць бы раз на месяц праводзіць рахунак у сістэме і плаціць мінімальны падатак памерам 45 рублёў у месяц. Такім чынам уласнік ВНЖ будзе прызнаны занятым у эканоміцы, што ў будучыні мусіць быць плюсам пры працягванні дакумента.

ВНЖ оптам і ў розніцу

Ёсць памагатары, якія больш агрэсіўна прасоўваюць свае паслугі, абсалютна не прыхоўваючы таго факту, што ВНЖ робяць не для таго, каб жыць у Беларусі, а каб сэканоміць на куплі аўто. Але ў адрозненне ад юрыдычнай кампаніі прапаноўваюць сапраўды рашэнне пад ключ, вырашаючы праблему з прапіскай, таму за паслугі просяць $3500. 

Скрыншоты з сайта памагатара, які не толькі гатовы дапамагчы расіянам з афармленнем беларускага ВНЖ, але і з пошукам аўто ў Беларусі і прыгонам на замову з Кітая.

Аплата ў два этапы: $2450 перад пачаткам афармлення і $1050 пасля атрымання ВНЖ. Падбор і купля аўто ў агучаныя $3500 не ўваходзяць і аплочваюцца асобна.

Скрыншот з ютуба

Адметна, што беларус, які прапаноўвае свае паслугі расіянам, нацэлены і на В2В-супрацоўніцтва з расійскімі кампаніямі, якія займаюцца машынамі на замову. Маўляў, праз афармленне сваім кліентам беларускіх ВНЖ яны змогуць прыцягваць больш кліентаў.

Скрыншот з ютуба

Пра вялікую выгаду ў куплі аўто на беларускі ВНЖ актыўна расказвае і адзін з уласнікаў кампаніі, якая займаецца імпартам аўто на замову з ЗША.

На прыкладзе БМВ 5‑й серыі ён паказвае, што эканомія складае каля $21 500.

Скрыншоты з відэа: waldemar_wapl / Instagram

Расіянін Максім, які атрымаў ВНЖ у Беларусі і назбіраў больш за 20 штрафаў за парушэнні хуткасці, наогул прадае дзве паслугі: афармленне ВНЖ у Беларусі і прыгон аўто на замову з Кітая.

Скрыншоты з відэа: @max.autodvizh / Instagram

Малады чалавек нават запусціў новую рубрыку, дзе параўноўвае цэны на аналагічныя аўто ў Беларусі і Расіі, а ўсім ахвотным ашчадзіць — гайд, як атрымаць ВНЖ у Беларусі. Мяркуючы па колькасці каментароў, цікавасць да такой працэдуры высокая. 

Афармленне беларускага ВНЖ дзеля эканоміі на аўто актыўна прасоўваюць у тым ліку блогеры, далёкія ад аўтамабільнай тэматыкі, як блогерка Ганна, якая ўжо атрымала ВНЖ і на ўсю тэсціруе беларускія банкаўскія карткі.

Скрыншот з відэа: @annavakx / Instagram

Эканомія, паводле падлікаў блогеркі, складае дзясяткі тысяч даляраў. 

Аб'явы аб паслугах па афармленні беларускага ВНЖ можна знайсці і на расійскім сайце Avito. 

Скрыншот: avito.ru

Цана паслугі пазначана ад 3600 беларускіх рублёў.

Расіяне купляюць не толькі аўто, але і нерухомасць

Таксама вядома пра тое, што дзеля афармлення беларускіх дакументаў расіяне цікавяцца купляй нерухомасці ў Беларусі. Прычым насуперак папулярнаму меркаванню, што іх цікавіць дарагое жытло, расіяне часцей за ўсё купляюць самае таннае жытло, каб перш за ўсё мець уласнае месца для прапіскі.

Цікавяць іх не толькі вясковыя хаты, але і кватэры ў шматкватэрных дамах у вёсках і аграгарадках, якія можна набыць за пару тысяч даляраў і не плаціць пасля за прапіску. Асабліва выгадна, калі беларускі дакумент робіцца на двух і больш чалавек.

Наколькі папулярны такі кірунак і якія ў яго перспектывы?

Выглядае, што падобная схема, калі расіяне афармляюць ВНЖ у Беларусі перш за ўсё дзеля куплі аўто, толькі набірае абароты. І нават нягледзячы на немалыя выдаткі на афармленне і ягонае ўтрыманне, выгада можа складаць дзясяткі тысяч даляраў.

Пры гэтым трэба разумець, што паспяховасць падобнага схематозу будзе моцна залежыць ад палітычнай волі беларускіх уладаў. Пры жаданні шчыліну можна хутка прыкрыць і нават прыцягнуць да адказнасці як некаторых памагатых, так і саміх расіян, якія робяць фіктыўную прапіску і будуць весці фіктыўную дзейнасць як самазанятыя.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула