«Пагоню» на камяніцы XVIII стагоддзя ў цэнтры Магілёва замалявалі па ўказанні расійскіх дыпламатаў
«Можа, там будзе нешта новае…»
Як распавялі на прадпрыемстве «Праект-сэрвіс», прыбраць мурал з «Пагоняй» на камяніцы XVIII стагоддзя ў цэнтры Магілёва вырашыў заказчык. Ім выступае консульскае аддзяленне пасольства Расійскай Федэрацыі.
Менавіта расійскія дыпламаты і размесцяцца ў будынку на Ленінскай, 5а, тарэц якога яшчэ нядаўна ўпрыгожваў мастацкі роспіс з гістарычным гербам горада. Цяпер жа ён замаляваны, нягледзячы на папярэднюю забарону экспертызы.
Тарэц камяніцы па вуліцы Ленінскай, 5А, дзе да рэканструкцыі пад патрэбы аддзялення расійскага пасольства размяшчаўся мурал з «Пагоняй». Скрыншот з відэа: vidosy_mogilev / Instagram
Мурал з панарамай горада паводле гравюры 1702 года і афіцыйным гербам Магілёва, у цэнтры якога над гарадской брамай размешчаны вершнік з мячом (старажытны герб «Пагоня»), упрыгожваў тарэц двухпавярховай камяніцы цягам дзевяці гадоў. Да 750‑годдзя Магілёва яго ў 2017‑м стварыў мастак Рыгор Шараеў.
Мурал на тарцы дома. Фота з сацсетак
Як мы пісалі раней, зацверджаны праект рэканструкцыі будынка прадугледжваў уцяпленне вонкавых сцен мінералаватнымі плітамі, аднак дзяржаўная экспертыза забараніла зашываць уцяпляльнікам і зафарбоўваць тарэц камяніцы, запатрабаваўшы захаваць мурал. Цяпер стала вядома, што патрабаванні экспертаў былі праігнараваныя на фінальным этапе рамонту па волі заказчыка.
«Мурал хацелі захаваць першапачаткова. Але потым заказчык вырашыў яго прыбраць. Можа, ён пасля адновіць? А можа, там будзе нешта новае…», — пракаментавалі ў «Праект-сэрвісе», які, згодна з пашпартам аб’екта, адказны за капітальны рамонт будынка на Ленінскай, 5а.
Першапачатковыя намеры захаваць мурал пацвердзілі нам і ў выканкаме.
Фота: magilev.by
Удакладніць далейшыя планы на тарэц камяніцы ў людзей, якія будуць там засядаць, пакуль не выйшла — рамонт не скончаны, таму магілёўскае аддзяленне пасольства Расійскай Федэрацыі яшчэ не мае ўласнага службовага памяшкання. Згодна з пашпартам аб’екта, рамонтныя працы мусяць завяршыцца ўжо 14 лістапада.
Нагадаем, камяніцу за ратушай раней планавалі выкарыстаць для пашырэння Музея гісторыі Магілёва, але ў маі 2026 года яе перадалі пад аддзяленне пасольства Расіі, выдзеліўшы на рамонт каля 613 тысяч рублёў з гарадскога бюджэту. Расія працягвае пашыраць сваю дыпламатычную прысутнасць у беларускіх рэгіёнах: новыя расійскія аддзяленні таксама рыхтуюцца да адкрыцця ў Гомелі і Віцебску.
Кіраваць дыпламатычным офісам у Магілёве прызначылі былога «міністра замежных спраў» непрызнанай ЛНР Уладзіслава Дайнэгу.