Махляры пачалі дурыць людзей лістамі на афіцыйных бланках
Ашуканцы прыдумалі новую схему падману з выкарыстаннем звычайных папяровых лістоў. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення крымінальнага вышуку УУС Гомельскага аблвыканкама Вадзім Барсук.
Здымак ілюстрацыйны. Фота з сацсетак
Паводле інфармацыі сілавікоў, спачатку чалавек знаходзіць у сваёй паштовай скрынцы ліст на нібыта афіцыйным бланку — з гербам, подпісамі і пячаткамі. Праз некалькі дзён на электронную пошту яму прыходзіць паведамленне з такім самым тэкстам, але ўжо са спасылкай. Яна вядзе на падробку афіцыйнага сэрвісу.
Калі карыстальнік уводзіць на такім сайце лагін і пароль, гэтыя звесткі трапляюць да махляроў. У міліцыі адзначаюць, што папяровы ліст стварае ўражанне надзейнасці, а электроннае паведамленне павінна канчаткова пераканаць чалавека. Схема разлічаная найперш на тых, хто не давярае лічбавым паведамленням, але верыць звычайнай пошце.
Вадзім Барсук папярэдзіў, што пераходзіць па спасылцы з такога ліста нельга. У выніку можна страціць персанальныя звесткі, лагін і пароль ад уліковага запісу, а таксама заразіць прыладу шкоднаснай праграмай.
У міліцыі раяць правяраць любыя паведамленні незалежна ад таго, у якой форме яны атрыманыя. Перад рэгістрацыяй на сайце трэба ўважліва паглядзець на яго назву ў адрасным радку і карыстацца толькі праверанымі рэсурсамі.
Чытайце таксама:
Польская пракуратура шукае 22‑гадовага Данілу з Бабруйска — падазраюць у махлярстве
13‑гадовая мінчанка стала кур'ерам махляроў: за дзень на таксі аб'ехала некалькі адрасоў
Мінскую школьніцу махляры запалохалі смяротнай карай для бацькоў