БЕЛ Ł РУС

Венгрыя збіраецца за год замяніць расійскі газ на румынскі

11.11.2026 / 16:43

Nashaniva.com

Венгрыя вядзе перамовы з Румыніяй аб закупках прыроднага газу з чарнаморскага радовішча Neptun Deep, распрацоўку якога плануюць пачаць у 2027 годзе. Пра гэта паведаміў міністр эканомікі і энергетыкі Венгрыі Іштван Капітань.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Dmitry Lovetsky / AP

Паводле слоў Іштвана Капітаня, бакі абмеркавалі, што неабходна зрабіць, каб Венгрыя магла закупляць і атрымліваць газ з Чорнага мора. Будапешт таксама мае намер развіваць супрацоўніцтва ў гэтай сферы з Харватыяй. Краіны плануюць узгадніць камерцыйныя ўмовы і забяспечыць неабходныя магутнасці трубаправодаў.

Радовішча Neptun Deep распрацоўваюць кампаніі OMV Petrom і Romgaz, кожнай з якіх належыць па 50% праекта. Яго здабыўныя запасы ацэньваюцца ў 100 мільярдаў кубаметраў газу, а аб'ём інвестыцый складае каля чатырох мільярдаў еўра. Пасля выхаду на поўную магутнасць штогадовая здабыча можа дасягнуць васьмі мільярдаў кубаметраў. Для параўнання, Венгрыя спажывае каля 8,5 мільярда кубаметраў газу за год.

Прэм'ер-міністр Венгрыі Петэр Мадзьяр заявіў, што закупкі расійскага газу больш не даюць краіне цэнавай перавагі. Паводле яго слоў, насуперак заявам папярэдняга ўрада, таннага расійскага газу больш няма. Кошт гэтага паліва таксама залежыць ад біржавых каціровак.

Мадзьяр лічыць, што пашырэнне кола пастаўшчыкоў дазволіць Венгрыі дамагацца больш выгадных тарыфаў на транзіт газу. Папярэдні ўрад Віктара Орбана выступаў супраць адмовы ад расійскага паліва, абгрунтоўваючы сваю пазіцыю яго нізкім коштам.

4 лістапада кіраўніца МЗС Венгрыі Аніта Орбан абвясціла пра намер краіны спыніць імпарт расійскага газу да восені 2027 года. З 1 студзеня 2027 года ў Еўрасаюзе пачне дзейнічаць забарона на пастаўкі расійскага звадкаванага газу паводле доўгатэрміновых кантрактаў, а з 30 верасня — на трубаправодны газ.

Чытайце таксама:

Газ у Еўропе падаражэў утрая. Высокія рахункі могуць застацца яшчэ на некалькі гадоў

Стала вядома, што Расія таемна фінансавала газавы праект на Алясцы

Еўрасаюз абнавіў сваю арктычную стратэгію. Што памяняецца, а што застанецца як было?

У Венгрыі затрымалі брата Віктара Орбана

Каментары да артыкула