БЕЛ Ł РУС

Беларусь не апавяшчае грамадзян аб пралётах дронаў, але перадае інфармацыю пра гэта суседнім краінам. Тыя апавяшчаюць яшчэ на падлёце

11.11.2026 / 18:24

Сяргей Гезгала

10 лістапада Літва папярэдзіла грамадзян пра «магчымую паветраную небяспеку» пасля атрымання інфармацыі ад Мінска. У Беларусі насельніцтву нічога не паведамлялася, а СМІ не даюць ніякай інфармацыі аб пралёце дронаў.

Украінскі ўдарны беспілотнік. Скрыншот з відэа

Міністр аховы краю Літвы Робертас Каўнас паведаміў, што Беларусь у аўторак увечары папярэдзіла Літву пра рух дронаў над беларускай тэрыторыяй у кірунку Літвы.

«У 22:47 па тэхнічнай лініі з беларускага боку надышла інфармацыя пра тое, што ў бок Літвы ляцяць нераспазнаныя аб'екты, якія Беларусь спрабуе нейтралізаваць», — сказаў Робертас Каўнас тэлебачанню LRT у сераду.

Праз 10 хвілін пасля атрымання гэтай інфармацыі ўсе жыхары Вільні, Віленскай і Уцянскай акруг атрымалі апавяшчэнні пра «магчымую паветраную небяспеку (жоўты ўзровень)».

Сама трывога ў выніку не абвяшчалася, аб'екты ў выніку не заляцелі ў паветраную прастору Літвы, яны павярнулі ў бок Латвіі і Расіі. Гаворка, імаверна, ішла пра ўкраінскія беспілотнікі, збітыя з курса ўздзеяннем расійскіх сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.

У Беларусі насельніцтва аб пралёце дронаў ніяк не апавяшчалася ні ўчора, ні падчас іншых аналагічных інцыдэнтаў.

У Польшчы, Літве і Латвіі ўжо не раз абвяшчалася паветраная трывога падчас залётаў беспілотнікаў. Сур'ёзных наступстваў гэтыя залёты пакуль ні разу не мелі: дроны пераважна падалі ў маланаселенай мясцовасці або іх збівалі над палямі і лясамі натаўскія знішчальнікі. 

У ноч на 11 лістапада пазней ужо іншы дрон заляцеў на тэрыторыю Літвы, прабыў у ёй некалькі хвілін, затым заляцеў у Польшчу, пасля чаго вярнуўся ў Літву і без наступстваў скіраваўся ў Латвію. 

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі трымаецца іншай лініі, чым улады Літвы, Польшчы і Латвіі ў пытанні інфармавання насельніцтва пра патэнцыйныя пагрозы. Выглядае, што Мінск імкнецца, каб насельніцтва не пераймалася. Гэта нагадвае падыход уладаў Беларусі да кавіду на піку эпідэміі ў 2020—2021 гадах. 

Пасля пачатку пандэміі каранавіруса ў Беларусі засакрэцілі звесткі пра смяротнасць, але з даных, якія здабылі «Кіберпартызаны», стала вядома, што за час пандэміі з 2020 па 2022 год залішняя смяротнасць склала звыш 90 тысяч чалавек. Гэтыя страты не маглі адбыцца ні праз што іншае, як праз COVID-19. Смяротнасць пачала ўздымацца ў сакавіку 2020 года, калі ўлады Беларусі яшчэ цалкам адмаўлялі наяўнасць пагрозы. Смяротнасць у Беларусі значна перавысіла паказчыкі ўсіх іншых краін Еўропы, гаворка ідзе пра дзясяткі тысяч загубленых жыццяў.

Хоць за распаўсюд інфармацыі жыхароў Беларусі караюць, у незалежныя СМІ прыходзіла інфармацыя пра падзенне беспілотнікаў на захадзе Мінска, а таксама, не раз, у Гомельскай вобласці. Таксама, імаверна, дронавыя ўдары былі прыцэльна нанесеныя па вышках сувязі на поўдні Беларусі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула