БЕЛ Ł РУС

Пад ціскам феміністак Фурманаў адмяніў прэзентацыю з удзелам Дзядка

11.11.2026 / 18:15

Вера Белацаркоўская

13 лістапада ў віленскай прасторы «Кропка» псіхолаг Вольга Вялічка планавала прэзентаваць кнігу пра жонак палітвязняў, але ўсяго за два дні да падзеі ёй адмовілі ў дамоўленай пляцоўцы. Прычына ў тым, што сярод заяўленых удзельнікаў дыскусіі быў палітвязень Мікола Дзядок.

Былыя палітвязні Зміцер Фурманаў і Мікола Дзядок. Фота: «Белсат», spring96.org

Псіхолаг Вольга Вялічка сабрала гісторыі 15 беларусак у кнізе «Нябачныя: галасы жонак беларускіх палітвязняў». Сярод тых, хто расказаў пра пакуты ў чаканні каханых і спробы іх падтрымаць, у тым ліку і Святлана Ціханоўская.

13 лістапада ў прасторы «Кропка» ў Вільні мусіла адбыцца прэзентацыя той кнігі. У вядучыя паклікалі журналістку Настассю Занько, а сярод удзельнікаў, акрамя аўтаркі, мусілі быць два з чатырох аўтараў прадмоваў да кнігі — былыя палітвязні Уладзь Лабковіч і Мікола Дзядок.

Але ж той прэзентацыі ў «Кропцы» не будзе.

Супольнасць феміністак апублікавала адкрыты ліст з пратэстам супраць удзелу Міколы Дзядка ў прэзентацыі. Сярод падпісантаў Вольга Новік, Вольга Шпарага, Алана Гебрэмарыям і іншыя. Агулам набралася больш за 20 подпісаў, у тым ліку ад людзей з псеўданімамі кшталту «Дзедаўская Мыш».

Аўтары ліста пісалі пра скандальныя адносіны паміж Дзядком і Янай Стасяловіч. Тыя статункі пачаліся, калі Дзядку было 29 гадоў, а Яне — 16. Паводле слоў Стасяловіч, у адносінах яна зазнала псіхалагічны і сэксуальны гвалт.

Аўтары ліста заклікалі арганізатараў прэзентацыі выключыць Міколу са складу ўдзельнікаў.

Яны звярнуліся і да «Кропкі»: калі Дзядка ўсё ж запросяць на прэзентацыю, прастора, на думку аўтараў ліста, мусіла б адмовіць арганізатарам у правядзенні падзеі.

Выглядае, што яны дамагліся свайго. Арганізатары атрымалі паведамленне ад Змітра Фурманава, былога палітвязня і кіраўніка «Кропкі». Паводле яго, «Кропка» адмаўляе арганізатарам у правядзенні імпрэзы з удзелам Дзядка. 

Зміцер Фурманаў адмовіўся гаварыць з «Нашай Ніва» наконт адмены прэзентацыі. Але свой каментар даў Мікола Дзядок:

«Вольга Вялічка падняла вельмі важную тэму — нябачны гвалт у сем’ях беларусаў, траўмаваных рэпрэсіямі. Вельмі спадзяюся, што яе кніга будзе мець поспех і на прэзентацыю прыйдзе як болей людзей.

Што датычна ўсялякіх лістоў: я б вельмі хацеў, каб іх падпісанты і падпісанткі гэтак жа энергічна змагаліся з Лукашэнкам, як яны змагаюцца са мной».

На думку Вольгі Вялічка, аўтаркі той самай кнігі, атрымаўся канфлікт феміністак супраць феміністкі:

«У гэтай кнізе шмат жаночага болю, хатніх пакутаў і хатняга гвалту. Вельмі перажывала, што на мяне наедуць мужчыны-палітвязні — палічаць, што нешта я перакруціла, і я буду прасіць дапамогі ў феміністак. Але жыццё ўмее здзіўляць, і атрымалася наадварот.

Фемінізм даўно з’яўляецца адной з маіх каштоўнасцей. Але я не разумею, якім чынам адсутнасць дыялогу і выключэнне людзей спрыяюць таму, каб ураўнаважваліся правы жанчын і мужчын. Мне далёкая ідэя апублікаваць ліст перад тым, як звярнуцца наўпрост да мяне, я гэта не разумею. І мне няясна, чаму гэта называецца фемінізмам».

Аўтарка тлумачыць, што яе кніга якраз у першую чаргу разлічаная на мужчын, якія маглі б у ёй прачытаць, у якім стане апынуліся жонкі палітвязняў. Таму Вольга і абірала ў рэцэнзенты толькі мужчын: акрамя Дзядка і Лабковіча, прадмовы напісалі таксама Алесь Бяляцкі і Павел Мажэйка. Усе яны — былыя палітвязні, якіх на волі чакалі жонкі, і Вольга лічыць важным гаварыць публічна пра тое, як яны пабачылі досвед сваіх каханых.

«Гэта і ёсць прасоўванне феміністычных ідэй, бо гэтая кніжка феміністычная. Калі не прыцягваць увагу мужчын да праблемы [лёсаў жонак палітвязняў], мы, жанчыны, гэта не вырашым. Тут трэба не вайнушкі ладзіць, а дамаўляцца.

Я не бачыла той адкрыты ліст, да мяне ніхто не звяртаўся, [пакуль не] апублічылі гэты ліст. Гэта не выглядае як дыялог. Гэта выглядае як патрабаванне зрабіць так, як хочацца, не разабраўшыся, пра што кніжка і чаму там будзе сядзець Дзядок і ўвогуле мужчыны. Гэтыя перакручванні дзіўныя. Дзіўна і дзіка, што нехта будзе дыктаваць аўтарцы, каго запрашаць, а каго — не».

Вольга лічыць, што калі ў правядзенні імпрэзы адмаўляюць за два дні да яе, гэта выглядае ненадзейна. Аўтарка кнігі ўдзячная, што іншая пляцоўка хутка пагадзілася прыняць у сябе прэзентацыю, і падзея ўсё ж адбудзецца.

Дата і час засталіся тымі ж — 13 лістапада а 19-й, — але гасцей запрашаюць у іншае месца — беларускі праваслаўны прыход Канстанцінопальскага патрыярхата, што знаходзіцца па адрасе Bokšto g. 4. Сярод удзельнікаў будзе і Мікола Дзядок.

Чытайце таксама:

Дзядок: «Ніякая палітычная мэта не каштуе жыцця людзей»? У вас нуль разумення палітыкі і нуль разумення жыцця

Анархіст Дзядок выказаўся супраць дазволу на аборты. Але лічыць, што заканадаўчая забарона нічога не дасць

«Ні тады, ні сёння я не лічу, што зрабіў штосьці кепскае». Дзядок шчыра расказаў пра былыя адносіны з 16‑гадовай дзяўчынай

Каментары да артыкула