Палякі перавезлі ў Балтыйскае мора больш за 9 тысяч вугроў, каб іх не пералавілі расіяне
У Польшчы завяршылася незвычайная аперацыя па выратаванні еўрапейскіх вугроў, якія жывуць у Вісленскім заліве непадалёк ад расійскай мяжы. Навукоўцы разам з мясцовымі рыбакамі вылавілі больш за 9 тысяч рыб і перавезлі іх у адкрытае Балтыйскае мора, каб яны не трапілі ў сеткі расійскіх рыбакоў, піша Wirtualna Polska.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: vecteezy.com
Як паведаміў Марскі рыбалоўны інстытут Польшчы, аперацыя працягвалася з 5 да 27 кастрычніка 2026 года. За гэты час з Вісленскага заліва вывезлі 9110 вугроў агульнай вагой 8,8 тоны. Заліў уяўляе сабой вялікую мелкую лагуну на Балтыйскім моры, падзеленую паміж Польшчай і Расіяй: яго паўночна-ўсходняя частка належыць Калінінградскай вобласці.
Жывую рыбу забіралі ў рыбакоў у пяці партовых мястэчках: Крыніцы-Морскай, Кантах-Рыбацкіх, Новай Пасленцы, Фромбарку і Сухачы. Найперш адбіралі дарослых срэбных вугроў — так называюць рыб, якія ўжо гатовыя да далёкай міграцыі на нераст. Таксама ўлічвалі ўмовы, у якіх рыбу часова ўтрымлівалі.
Вугроў лавілі бяспечнымі пасткамі-венцерамі. Пасля гэтага рыбакі ненадоўга змяшчалі іх у рэзервуары з добра насычанай кіслародам вадой. Спецыялісты правяралі стан кожнай рыбы: маладых вугроў выпускалі назад, астатніх узважвалі і перамяшчалі ў басейны, пастаўленыя на грузавіках.
У Марскім рыбалоўным інстытуце патлумачылі, што дзякуючы гэтай аперацыі перамешчаныя вугры змогуць пазбегнуць гібелі і рыбалоўнага ціску з расійскага боку заліва. Гэта павялічыць іх шанцы дабрацца да месцаў нерасту і даць пачатак новаму пакаленню.
Рыбу выпускалі ў Гданьскі заліў каля порта Новы Свят, ужо з боку адкрытага мора. Месца выбралі спецыяльна, каб вугры маглі працягнуць міграцыю ў Атлантычны акіян, абмінуўшы расійскую частку Вісленскага заліву.
Сто вугроў абсталявалі акустычнымі перадатчыкамі. Іх сігналы будуць улоўліваць падводныя мікрафоны — гідрафоны, размешчаныя ўздоўж меркаванага маршруту міграцыі. У прыватнасці, такія прыборы паставяць у Дацкіх пралівах, якія злучаюць Балтыйскае мора з Паўночным. Гэта дазволіць даследчыкам высветліць, куды накіруюцца рыбы.
Навукоўцы спадзяюцца, што перасяленне дапаможа вуграм дабрацца да месцаў размнажэння. Гэты від нерастуе ў Саргасавым моры — раёне Атлантычнага акіяна каля Бермудскіх астравоў, які не мае берагоў і акружаны акіянічнымі плынямі.
У інстытуце адзначылі, што адна з галоўных мэт стратэгіі Еўрасаюза — аднавіць папуляцыю еўрапейскага вугра. Для гэтага неабходна забяспечыць міграцыю ў Саргасава мора не менш як 40% срэбных вугроў у параўнанні з іх колькасцю да ўзмацнення антрапагеннага ўздзеяння і абвалу папуляцыі.
Аперацыя каштавала каля 3,6 мільёна злотых (каля 910 тысяч даляраў). Больш за 2,5 мільёна злотых (каля 632 тысячы даляраў) выдзеліў Еўрапейскі фонд марской гаспадаркі, рыбалоўства і аквакультуры.
Чытайце таксама:
У Папуа — Новай Гвінеі злавілі рыбу, якую не бачылі больш за 40 гадоў
У Добрушскім раёне мужчына злавіў таўсталобіка вагой амаль 30 кілаграмаў ФОТАФАКТ
Марскую чарапаху лячылі 22 гады, а цяпер нарэшце выпусцілі ў акіян