Калас: Расія, верагодна, адпраўляе выкрадзеных дзяцей ваяваць супраць Украіны
Кіраўніца дыпламатыі Еўрасаюза Кая Калас дапусціла, што Расія ўжо можа адпраўляць выкрадзеных украінскіх дзяцей ваяваць супраць іхняй роднай краіны. Пра гэта яна заявіла 11 лістапада ў Бруселі падчас дэбатаў у Еўрапарламенце, прысвечаных прымусоваму вывазу ўкраінскіх дзяцей у Расію і дзецям, якія жывуць на акупаваных тэрыторыях Украіны, піша Deutsche Welle.
Кая Калас. Фота: AP Photo/Harry Nakos
«Сітуацыя набыла жахлівы і вычварны характар: Расія, верагодна, цяпер адпраўляе выкрадзеных украінскіх дзяцей назад, каб яны ваявалі супраць Украіны», — сказала Калас.
У сваім выступленні яна расказала пра 18‑гадовага Луку, аднаго з 13 дзяцей і падлеткаў, якія за некалькі дзён да гэтага вярнуліся ва Украіну. Паводле слоў Калас, хлопец толькі адзначыў паўналецце і ўжо атрымаў позву ў расійскае войска.
Як паведаміла кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі, Расія незаконна вывезла больш за 20 500 украінскіх дзяцей. Да лістапада ўдалося вярнуць 2790 з іх.
Калас заявіла, што будучае пагадненне аб спыненні расійскай вайны супраць Украіны павінна прадугледжваць вяртанне кожнага ўкраінскага дзіцяці да бацькоў. Яна заклікала Маскву неадкладна забяспечыць дзецям бяспечную і рэгулярную сувязь з бацькамі, сваякамі або законнымі апекунамі.
Акрамя таго, Расію заклікалі садзейнічаць стварэнню гуманітарных калідораў, дапамагаць уз'яднанню сем'яў і даць ААН, ЮНІСЕФ і Міжнароднаму камітэту Чырвонага Крыжа доступ да месцаў утрымання ўкраінскіх дзяцей.
Кіраўніца дыпламатыі ЕС нагадала, што Еўрасаюз увёў санкцыі супраць асобаў і арганізацый, датычных да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. У санкцыйны спіс таксама ўключылі міжнародны дзіцячы лагер «Сандаван» у Паўночнай Карэі, дзе, паводле слоў Калас, таксама выявілі ўкраінскіх дзяцей.
У дэбатах Еўрапарламента ўдзельнічалі прадстаўнікі васьмі палітычных фракцый. Яны выступілі за вяртанне вывезеных дзяцей, а сярод прапанаваных мер называлі пашырэнне санкцый і актывізацыю дыпламатычных намаганняў Еўрасаюза.
У чацвер, 12 лістапада, Еўрапарламент прагаласуе за рэзалюцыю, прысвечаную ўкраінскім дзецям, прымусова вывезеным у Расію або тым, хто жыве на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны.