БЕЛ Ł РУС

Кіраўнік Nvidia ў цэнтры новага скандалу: акрамя раману са шпіёнкай, у яго быў раман з падначаленай

12.11.2026 / 10:08

Nashaniva.com

63‑гадовы сузаснавальнік і гендырэктар Nvidia Джэнсэн Хуанг меў раман з 48‑гадовай віцэ-прэзідэнткай кампаніі Кімберлі Паўэл, якая непасрэдна яму падпарадкоўваецца. Пра гэта The New York Times расказалі пяць чалавек, якія працавалі ў кампаніі. Абодва маюць сем’і.

Джэнсэн Хуанг. Фота: AP Photo / Markus Schreiber

Паўэл кіруе ў Nvidia кірункам аховы здароўя. Яна далучылася да кампаніі ў 2008 годзе, а ў канцы 2017‑га стала віцэ-прэзідэнткай. Яе каманда займаецца прымяненнем тэхналогій Nvidia ў медыцыне.

Паводле крыніц газеты, адносіны Хуанга і Паўэл абмяркоўвалі ўнутры кампаніі. У сакавіку, падчас штогадовай канферэнцыі Nvidia ў каліфарнійскім Сан-Хасэ, іх бачылі ў гатэлі, калі яны праяўлялі пяшчоту адно да аднаго.

Адзін з відавочцаў зняў гэта на тэлефон. Як расказалі тры суразмоўцы, знаёмыя з інцыдэнтам, ахова Хуанга заўважыла чалавека, адвяла яго асобна і прапанавала падпісаць пагадненне аб невыдаванні.

Кімберлі Паўэл, віцэ-прэзідэнтка кампаніі Nvidia па кірунку аховы здароўя. Фота: Stuart Isett / Fortune

Кодэкс паводзін Nvidia патрабуе пазбягаць сітуацый, у якіх асабістыя адносіны ствараюць канфлікт інтарэсаў.

Калі журналісты патэлефанавалі Хуангу і спыталі пра стасункі з Паўэл, ён адказаў: «Не думаю, што вам варта размаўляць са мной наўпрост» — і паклаў слухаўку. Nvidia адмовілася ад каментара, Паўэл на запыт не адказала.

Новая публікацыя з’явілася на фоне расследавання іншага рамана Хуанга — з Эліс Хуанг, кіраўніцай сінгапурскай кампаніі Megaspeed, буйнога кліента Nvidia. Амерыканская разведка лічыць яе звязанай з кітайскімі спецслужбамі.

8 лістапада Хуанг у лісце супрацоўнікам прызнаўся ў здрадзе жонцы. Савет дырэктараў Nvidia распачаў расследаванне. Кіраўнікі трох уплывовых камітэтаў Палаты прадстаўнікоў ЗША таксама запрасілі яго на закрытую сустрэчу, каб распытаць пра кантакты з Эліс Хуанг.

На гэтым тыдні Дональд Трамп заступіўся за кіраўніка Nvidia і назваў яго «прыстойным чалавекам».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула