БЕЛ Ł РУС

Былы ўдзельнік пратэстаў з Бабруйска, які пазней высмейваў «збеглых» і хваліў Расію, загінуў на вайне ва Украіне

12.11.2026 / 14:18

Баляслаў Ліманоўскі

Артур Іткін доўгі час жыў і працаваў у Падмаскоўі. У інтэрнэт-чатах мужчына заўзята абараняў Расію, называў беларускую апазіцыю «збеглымі» і кпіў з тых, хто прадказваў крах расійскай эканомікі. На фронце ён займаўся беспілотнікамі, а ў кастрычніку 2026 года загінуў.

Артур Іткін на пратэстах у Бабруйску. Фота: SPIEGEL ONLINE

Артур Іткін нарадзіўся ў 1985 годзе. Ён родам з Бабруйска, дзе ягоны бацька яшчэ за савецкім часам працаваў на шынным камбінаце («Белшыне»).

Артур як мінімум у 2016 годзе з'ехаў на заробкі ў Расію. Там ён паспеў папрацаваць у тым ліку на Поўначы — у Надыме і Новым Урэнгоі.

Апошнія гады Іткін жыў у падмаскоўным Даўгапрудным, меў пацверджаны акаўнт на расійскіх «Дзяржпаслугах», але захаваў беларускае грамадзянства і перыядычна прыязджаў на радзіму.

Ён працаваў электрагазазваршчыкам і сантэхнікам у будаўнічай кампаніі Urban Group, а таксама браў замовы праз сэрвіс Profi.ru. У вольны час мужчына захапляўся рыбалкай і сам рамантаваў свае патрыманыя французскія аўтамабілі — спачатку Citroen Xantia, а потым набыты ў студзені 2025 года Peugeot 307.

Артур Іткін. Фота з ягонай старонкі Укантакце

Яшчэ ў 2020 годзе бабруйчанін меў іншыя погляды: ён удзельнічаў у паслявыбарчых пратэстах у родным горадзе, а ў красавіку 2020‑га зарэгістраваўся на платформе калектыўных зваротаў Petitions.by.

Але пазней у беларускіх і расійскіх аўтамабільных тэлеграм-чатах Артур паводзіў сябе вельмі актыўна і не хаваў прарасійскіх поглядаў. У дыскусіях з іншымі беларусамі ён рэгулярна высмейваў «збеглых» і «ўцякантаў», раіў апанентам перастаць слухаць «Голас Амерыкі» і прагнозы пра тое, што ў Расіі «хутка ўсё рухне». Тых суайчыннікаў, якія крытыкавалі расійскія рэаліі ці цэны, Іткін абражаў, іранічна называў «пацрыётамі» і заклікаў не верыць у тое, што ў расійскіх гарадах нібыта ёсць праблемы з ежай ці дарагім палівам.

Таксама ён віншаваў удзельнікаў чатаў з «днём яднання народаў Расіі і Беларусі», называў сябе прыхільнікам «духаскрэпнага» «Яндэкса» і «чэбурнэту» замест Google, а расійскае ўварванне ва Украіну называў выключна «СВО».

У расійскае войска Іткін, імаверна, трапіў у першай палове 2026 года. Мяркуючы па ягоных паведамленнях у закрытым вайсковым чаце «Капцёрка», на вайне бабруйчанін працаваў з FPV-дронамі («птушкамі») на аптавалакне.

Артур Іткін. Фота з ягонай старонкі Укантакце

У чэрвені 2026 года ён прасіў у «брацішак» дапамогі з абнаўленнем прашыўкі Betaflight для дронаў, а таксама цікавіўся, як у палявых умовах выкручваць узрывальнікі з аскепкава-фугасных снарадаў для пераробкі іх пад электраланцуг. У жніўні таго ж года ён яшчэ замаўляў дастаўку піцы ў Даўгапрудным — імаверна, падчас адпачынку або знаходжання ў тыле.

Артур Іткін загінуў 12 кастрычніка 2026 года, а пахавалі яго 4 лістапада. Пра гэта ў адным з профільных чатаў напісала ягоная жонка Вольга, якая засталася ў Беларусі з дзецьмі — у іх, мяркуючы па сацсетках, сын і дачка.

Паводле слоў жанчыны, труну з целам мужа ёй даслалі самалётам, а з дакументаў на руках у яе застаўся толькі кантракт. Цяпер удава шукае вайсковага юрыста і высвятляе, куды ёй ехаць у Расію, каб дамагчыся грашовых выплат для сваіх дзяцей за загінулага мужа.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула