«Вы — мяса». 37‑гадовы будаўнік з Пінска паехаў на заробкі ў Пецярбург, а апынуўся ў штурмавой групе пад Суджай
«Мяне прымусілі, шчыра, прымусілі», — некалькі разоў паўтарае палонны беларус Андрэй у інтэрв'ю, якое апублікавала 68‑я асобная аэрамабільная брыгада УСУ імя Аляксы Доўбуша.
Андрэй. Скрын фота: 68‑brigade / YouTube
Андрэю 37 гадоў, ён з Пінска. У родным горадзе працаваў на будаўніцтве дарог: клаў брукаванку і тратуарныя барты, рабіў ліўнёўкі і дажджапрыёмнікі. На пытанне, ці хапала яму грошай у Беларусі, адказвае, што хапала.
Аднак з законам, прызнаецца беларус, у яго былі праблемы яшчэ змалку: хуліганства («зламалі калодзеж, разбілі сігналізацыю»), двойчы яго лавілі п'яным за рулём, былі дробныя крадзяжы. Усяго, па яго словах, у беларускіх калоніях ён правёў каля васьмі гадоў. Падчас пратэстаў 2020 года, як даводзіць мужчына, ён быў у зняволенні.
Шлях на вайну ў Андрэя пачаўся ў 2024 годзе, калі даўні знаёмы паклікаў яго ў Пецярбург завабіўшы «добрай працай у Метрабудзе». Аднак замест чаканых 200 тысяч расійскіх рублёў за першы месяц працы яму выплацілі 30 тысяч, спаслаўшыся на невыкананы план. Калі праз паўмесяца ён папрасіў аванс, пачуў: «Не падабаецца — ідзі, такіх, як ты, шмат».
«Я ўжо другі раз прыязджаю ў Расію, і мяне заўсёды ашукваюць з грашыма. Заўсёды адно і тое ж: тэлефаную бацьку — тата, вышлі грошай на дарогу».
Андрэй звольніўся з Метрабуда і перабіваўся аднадзённымі падпрацоўкамі. У 2025 годзе ў яго пачаліся праблемы з паліцыяй: ад яго патрабавалі рэгістрацыі і СНІЛС (нумар у расійскай сістэме пенсійнага страхавання), пра якія ён, па яго словах, нават не чуў. Яму тлумачылі, што ён цяпер не грамадзянін «саюзнай дзяржавы», а звычайны замежнік.
За тое, што пры ім не было пашпарта, Андрэя аштрафавалі. Калі знаёмы прывёз дакумент, паліцэйскія пакінулі пашпарт сабе і паабяцалі вярнуць яго пасля аплаты штрафу. Андрэй паехаў у горад плаціць, але па дарозе яго зноў спынілі і затрымалі — цяпер ужо за тое, што ён ходзіць без пашпарта, які паліцыя сама і забрала.
«Некалькі сутак трымалі ў аддзеле, не кармілі, вады не давалі. Адчынілі дзверы, паглядзелі і кажуць: «Не здохнеш». Ставіліся як да сабакі».
З адзялення паліцыі Андрэй патрапіў у цэнтр утрымання мігрантаў. Там нейкая жанчына адразу спытала, ці не хоча ён падпісаць кантракт на «СВА». Як даводзіць мужчына, ён адмовіўся, аргуметаваўшы тым, што хоча жыць.
Аднак ад яго не адчапіліся. Наступнага дня доўгую гутарку з ім правёў нейкі мужчына. Ён расказваў пра прывілеі для ўдзельнікаў вайны, сярод якіх і пагашэнне судзімасцяў, і запэўніваў, што на фронт Андрэя не адправяць.
Пры гэтым, кажа Андрэй, гучалі і пагрозы: маўляў, цябе шукаюць за крадзеж самаката ці ровара, сядзеш у турму, а з турмы ўсё адно паедзеш «на перадок».
«У грошы я не верыў, бо ў Расіі іх ніколі не бачыў. А вось у тое, што здымуць судзімасці і я вярнуся дадому чыстым чалавекам, без нагляду, — у гэта я паверыў», — прызнаецца беларус.
У выніку ён падпісаў кантракт. Праўда, свой пашпарт ён так і не атрымаў.
«Вы ўсе — мяса»
Першая вучэбка, па словах беларуса, была ў Каменцы, за 60—70 кіламетраў ад Пецярбурга ў бок Выбарга, і доўжылася тры тыдні. Спачатку навабранцы бегалі ў бронекамізэльках, вучылі медыцыну і тапаграфію, ім паказвалі, як хавацца ад дронаў. Аўтаматы АК-74, успамінае Андрэй, ім выдалі толькі праз тры дні, страляць пачалі праз тыдзень, а яшчэ праз тыдзень кожны кінуў адну-дзве гранаты.
Самой стральбе, кажа мужчына, інструктары асаблівай увагі не надавалі. Яны тлумачылі, што вайна цяпер вядзецца дронамі і мінамі, таму галоўнае — глядзець «у неба і пад ногі».
Ужо на вучэбцы беларус пашкодзіў на фізпадрыхтоўцы абодва калена. Паводле яго слоў, у шпіталі не працаваў рэнтген, а неўзабаве яго і зусім перасталі туды вазіць. Да сталоўкі ён, кажа, дайсці не мог, але і з хворымі нагамі яго адправілі далей, у Луганскую вобласць. Там на просьбы пра лячэнне, як расказвае Андрэй, яму адказалі коратка: калі не зможаш ісці сам, цябе пагоняць.
Другі лагер, паводле палоннага, быў у лесе каля Белаводска на акупаванай Луганшчыне. Менавіта там, кажа ён, ад ілюзій не засталося і следу.
«Нам сказалі: кіньце свае наіўныя ідэі, што хтосьці пойдзе на будоўлю, хтосьці застанецца кіроўцам. Вы ўсе штурмавікі. Вы ўсе — мяса».
У групе, з якой ён ехаў, па словах Андрэя, было чалавек 20—25. Шмат хто прыехаў з Карэліі і поўначы Расіі, былі ўзбекі і таджыкі. З Беларусі быў толькі ён. Аб'ядноўвала іх, кажа палонны, адно: усе мелі праблемы з законам або з грашыма, і ўсім абяцалі, што ваяваць не давядзецца.
Як расказвае мужчыны, некалькі чалавек з яго групы спрабавалі ўцячы. Андрэй успамінае мужчыну гадоў пяцідзесяці, які яшчэ ў Каменцы прапаноўваў яму бегчы разам. Беларус не наважыўся, а той аднойчы ноччу знік. Праз дзень яго прывезлі назад. Пасля гэтага, расказвае Андрэй, уцекача на ноч прышпільвалі кайданкамі да слупа, а ўдзень пад наглядам вазілі на палігон. Камандзіры, паводле яго слоў, наўпрост папярэджвалі: нават калі адмовішся і сядзеш у турму, адтуль усё адно трапіш на фронт.
На рацыі, па словах Андрэя, навабранцы скідваліся самі — камандзіры збіралі на іх грошы з выплат. Калі ягоную рацыю нехта ўзяў, Андрэя выклікалі да камандзіра.
«Першы ўдар — з усёй сілы нагой у грудзі. Я ўпаў, прыкрыўся, а ён біў па галаве і крычаў, што заб'е такіх, як я».
Той жа камандзір, паводле Андрэя, прыязджаў на палігон і крычаў, каб навабранцы аддалі ежу «жывым»: «Вы ўсе нябожчыкі, а нябожчыкам ежа не трэба». Навабранцам афіцэр абвясціў, што пяхоты ў яго не засталося і таму цяпер ён «зоймецца» імі.
Суджа
Пра адпраўку на фронт навабранцам наўпрост не аб'яўлялі. Проста аднойчы, па словах Андрэя, сказалі, што заўтра на палігон не едуць, бо будзе агляд. Хлопцы, якія служылі даўжэй, адразу зразумелі, што хутка адправяць на заданне.
Два дні запар навабранцаў шыхтавалі і правяралі экіпіроўку, ад бронекамізэлек і аптэчак да кацялкоў і рыдлёўкі. Потым, расказвае беларус, іх а шостай раніцы пасадзілі ў машыны і цэлы дзень везлі ў лес, які вайскоўцы называлі «запаведнікам». Там ім выдалі ваду, арэхі і батончыкі. Сказалі, што гэта паёк на пяць дзён.
А трэцяй гадзіне ночы іх прывезлі ў Суджу. Там навабранцаў сустрэлі трое вайскоўцаў і адвялі начаваць у пакінуты дом. А чацвёртай раніцы групу паднялі і доўга вялі пешшу праз увесь горад да разбітай бальніцы. Там, паводле Андрэя, яны праседзелі паўдня. Потым прыехаў камандзір і сказаў, што цяпер ідзе дождж і дроны не лятаюць, а значыць, пара выходзіць. Ісці загадалі парамі.
«Па дарозе я ўбачыў людзей у чорных пакетах. І стала страшна. Да апошняга я не ўсведамляў, што адбываецца».
Забітых падчас шляху, кажа беларус, станавілася ўсё больш. Калі ён спытаў, чаму іх не забіраюць, пачуў: «Няма магчымасці».
Ужо ў лесе Андрэй сустрэў хлопца, з якім тры дні быў у вучэбцы. Таго за ўцёкі перавялі ў «роту В», куды, па словах беларуса, трапляюць былыя вязні і ўцекачы. Рука ў хлопца была ў крыві. Ён сказаў, што з іх групы, а гэта чалавек 30, выбраўся толькі ён.
Палон
Як расказвае Андрэй, іх групе загадалі дайсці да лесу, замацавацца там і чакаць падмацавання. Дабраўшыся да месца, ён паведаміў па рацыі, што ў лесе нікога няма. У адказ пачуў: «Хавайся і акапвайся».
Але акапвацца Андрэй не стаў. Па яго словах, ён выключыў рацыю і больш на сувязь не выходзіў. Ён прайшоўся па сцежцы спачатку ў адзін бок, потым у другі, пераскочыў канаўку — і ўбачыў украінскіх вайскоўцаў. Аўтамат ён кінуў, а патроны выкінуў.
«Выстраліць у чалавека я б не змог. Для мяне гэта страшна, гэта грэх, я так бацькамі выхаваны. (…) Ішоў я больш з надзеяй на вас, чым каб вярнуцца назад, бо ведаў: там мяне ўсё роўна куды-небудзь пагоняць, і я загіну».
Украінцы, паводле яго слоў, звязалі яму рукі, завязалі вочы і адвезлі ў бліндаж, дзе далі закурыць. Андрэй прызнаецца, што чакаў іншага, бо ў расійскім войску ім расказвалі, што ўкраінцы ў палон не бяруць, а расіян катуюць.
«Спыталіся, ці хачу піць, ці не замёрз. Зрабілі кавы, пачаставалі шакаладкай. Калі мяне адводзілі, далі пачку цыгарэт — кажуць, можа, там не будзе. Я ад украінцаў больш дабра адчуў, чым ад расіян», — даводзіць беларус.
Калі Андрэй трапіць на абмен, то хоча завесці дома двух парсючкоў і сабаку, заняцца гаспадаркай і стварыць сям'ю — сваіх дзяцей у яго няма. І яшчэ расказаць людзям, што бачыў.
«Тое, што гаворыць Расія, — хлусня. Яны хлусяць мне, хлусяць усім астатнім і ўсяму свету», — даводзіць беларус.