Падпольшчык, які падклаў выбухоўку расійскаму палкоўніку, праз Турцыю і Малдову выехаў ва Украіну
Падазраваны ў падрыве расійскага вайскоўца каля месяца сачыў за ім, уладкаваўшыся працаваць у гіпермаркет побач. Выбухоўку ён замацаваў пад машынай ноччу, а да выбуху ўжо вылецеў з Расіі, сцвярджае «Фонтанка».
«Фонтанка» апублікавала падрабязнасці падрыву аўтамабіля ў пецярбургскіх Шушарах.
Паводле выдання, бомбу заклаў 31‑гадовы жыхар Пецярбурга. Ён каля месяца назіраў за палкоўнікам.
Мужчына ўладкаваўся рознарабочым у гіпермаркет «Лента» на Колпінскай шашы. Ён назіраў, калі вайсковец вяртаецца дадому, дзе пакідае аўтамабіль і а каторай выязджае на службу.
Паводле крыніцы выдання «Фонтанка», самаробную выбуховую прыладу пераправілі ў Ленінградскую вобласць паветраным шарам. Пацверджання гэтай версіі няма.
Пасля прызямлення нехта забраў груз і пераклаў бомбу ў іншы тайнік для выканаўцы. Апошні, паводле выдання, замацаваў прыладу пад днішчам аўтамабіля каля першай гадзіны ночы. Ужо а 2:43 ён вылецеў з Пулкава ў Стамбул. Самалёт прызямліўся а 6:05, пасля чаго падазраваны накіраваўся ў Кішынёў. Выбух прагрымеў а сёмай раніцы.
Пра тое, хто загінуў у выніку выбуху з’явіліся супярэчлівыя паведамленні. Выданне 78.ru напісала, што мог загінуць галоўны штурман 6‑й арміі ВПС і СПА Расіі Дзмітрый Лабодзін, але пазней выдаліла гэтую інфармацыю.
Украінскія каналы назвалі яшчэ два імёны меркаваных загінулых: намесніка камандуючага 6‑й арміяй па ваенна-палітычнай працы Андрэя Хадыкіна і намесніка камандуючага па авіяцыі Віктара Пазнякова.