БЕЛ Ł РУС

Беларускія ўцекачы просяць МЗС Літвы паспрыяць у атрыманні віз іх сваякам

12.11.2026 / 15:59

Nashaniva.com

Валанцёрская арганізацыя «Дапамога» і ініцыятыва «Ружовыя хусткі» пачалі збор подпісаў сярод беларусаў, якія ў Літве маюць статус уцекачоў, пад калектыўным зваротам у Міністэрства замежных спраў гэтай краіны.

Фота: Pavel Tochinsky / Getty Images

Аўтары просяць літоўскія ўлады паспрыяць у атрыманні ўязных віз для блізкіх сваякоў уцекачоў, піша «Радыё Свабода».

Калі такія візіты будуць аднесеныя да гуманітарных выпадкаў, працэдура атрымання віз можа паскорыцца праз прадугледжанае літоўскім законам пасярэдніцтва МЗС, мяркуюць аўтары звароту.

«Самі ўцекачы ехаць у Беларусь не могуць, некаторым гадамі не ўдаецца пабачыцца з бацькамі ці блізкімі сваякамі, бо ў тых з візітамі ў Літву таксама праблемы — амаль немагчыма атрымаць візу, бо зараз МЗС Літвы дапамагае толькі пры цяжкай хваробе альбо смерці чалавека. Таму наша задума ў тым, каб візіт блізкіх сваякоў быў прызнаны гуманітарным выпадкам, пры якім МЗС паводле закону аказвае пасярэдніцтва», — распавяла Свабодзе адна з аўтарак звароту, кіраўніца валанцёрскай арганізацыі «Dapamoga» Наталля Калегава.

Аўтары звароту прапануюць свой спіс катэгорый сваякоў, якія пры атрыманні візы маглі б разлічваць на пасярэдніцтва МЗС Літвы, і хочуць ведаць падрабязную працэдуру падачы заявы на візу ў такім выпадку.

«Бо людзям трэба дакладна ведаць, якія будуць патрэбныя дакументы, у якія тэрміны разглядаецца заява, як будуць правяраць кожнага запрошанага ў Літву», — патлумачыла Наталля Калегава.

Яна мяркуе, што на беларускай мяжы бяспека сваякоў не павінна пацярпець:

«На мяжы ў сваяка могуць спытаць толькі, адкуль у яго віза ў Літву. Чалавек адкажа, што ў яго сын ці дачка маюць літоўскія дакументы, яго запрасілі. Усё. Ніхто ж не хавае, што ён едзе да свайго блізкага на сустрэчу, хай сабе ён будзе тройчы «экстрэмістам». Спісы «экстрэмістаў» у іх і так ёсць, а за сустрэчу ў Беларусі яшчэ не садзяць. А тое, што ўдалося нарэшце атрымаць візу, — гэта іншая, цалкам законная справа».

Паводле Калегавай, спіс падпісантаў звароту будзе строга канфідэнцыйны, яго перададуць у МЗС асобным дадаткам і нідзе не апублікуюць.

Подпісы пад зваротам у МЗС Літвы актывісты будуць збіраць да 23 лістапада ў віленскім прытулку «Замак».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула