У Беларусі адзначаюць рэкордны рост унутранага і ўязнога турызму
У Беларусі фіксуецца рэкордны рост унутранага і ўязнога турызму. Пра гэта 12 лістапада заявіў першы намеснік міністра эканомікі Іван Вежнавец, прадстаўляючы прамежкавыя вынікі выканання праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2030 года на пасяджэнні Гродзенскага аблвыканкама.
Здымак ілюстрацыйны. Фота з сацсетак
Паводле папярэдніх ацэнак, да канца 2026 года доля турыстычнай галіны ў ВУП Беларусі дасягне 2,6%, а экспарт турыстычных паслуг павялічыцца на 20,6%. У Міністэрстве эканомікі звязваюць такія вынікі з мерамі па развіцці турыстычнай сферы.
Як паведаміў Вежнавец, у галіне правялі маштабную інстытуцыйную рэформу. З пачатку года працуе Нацыянальнае агенцтва па турызме, створаная адпаведная сістэма дзяржаўнага кіравання, распрацаваныя дзяржаўная праграма «Турызм», канцэпцыя развіцця турыстычнай сферы і іншыя нарматыўныя дакументы.
Таксама развіваецца інфраструктура гасціннасці і адпачынку. Для падтрымкі адпаведных праектаў запусцілі спецыяльны крэдытны прадукт «Турыстычны патэнцыял». За першыя дзевяць месяцаў 2026 года ў эксплуатацыю ўвялі 16 буйных аб'ектаў.
Асобная ўвага надаецца прасоўванню нацыянальнага турыстычнага брэнда. Для гэтага абвясцілі конкурс на найлепшы турыстычны вобраз краіны, арганізавалі здымкі папулярных тэлешоу, а таксама азнаямленчыя паездкі па Беларусі для вядомых блогераў з Кітая і іншых краін.
Паводле прадстаўніка Мінэканомікі, развіваецца і культурны складнік турызму. Ва ўсіх рэгіёнах ладзяцца буйныя мерапрыемствы, сярод якіх Фестываль нацыянальных культур у Гродне, «Купалле» ў Александрыі і «Вераснёўскі фэст» у Жылічах.
Чытайце таксама:
Нумарны фонд санаторыяў хочуць павялічыць на цэлую траціну
Рыхтуюцца запусціць турыстычны маршрут «Дарогай Саюзнай дзяржавы»