БЕЛ Ł РУС

Памятаеце, «Арэшнік» упаў на гаражы пад Кіевам? Украінцы расказалі, якая сістэма дазволіла адхіліць ракету ад ваеннай цэлі

13.11.2026 / 08:00

Антось Жупран

Навігатары ва Украіне ўсё часцей «пераносяць» людзей у сталіцу Перу. Вінаватая ў гэтым сістэма радыёэлектроннай барацьбы, якая збівае з курсу расійскія ракеты і дроны. Як яна працуе, расказвае The New York Times.

Здымак ілюстрацыйны. Кіеў (ці Ліма?). Фота: Yuliia Ovsiannikova / Ukrinform / NurPhoto via Getty Images

Уявіце: вы едзеце па ўкраінскай дарозе з хуткасцю каля 60 км/г, і раптам гучыць паветраная трывога. Праз імгненне навігатар паказвае, што машына ляціць над Паўднёвай Амерыкай з хуткасцю амаль 270 км/г і вось-вось «прызямліцца» ў Ліме.

Менавіта гэта адбылося з журналістамі The New York Times. Для многіх кіяўлян падобныя збоі ўжо сталі звычайнай справай. Яны ўскладняюць працу таксістаў і кур'ераў, а ўладальнікаў смартфонаў і спартыўных гадзіннікаў адпраўляюць у віртуальныя падарожжы за 12 тысяч кіламетраў, у сталіцу Перу. Каб не заблукаць, людзі ўсё часцей карыстаюцца папяровымі картамі, загадзя загружаюць афлайн-мапы або проста запамінаюць маршрут перад паездкай.

Прычына гэтых нязручнасцяў даволі нечаканая: так працуе ўкраінская сістэма абароны ад расійскіх ракет і беспілотнікаў.

Як падмануць ракету

Расійскія ракеты і беспілотнікі арыентуюцца ў тым ліку па спадарожнікавых сігналах, як і звычайныя навігатары. Украінская сістэма не проста глушыць гэтыя сігналы, а падмяняе іх фальшывымі. У выніку зброя атрымлівае няправільныя звесткі пра сваё месцазнаходжанне і можа збіцца з курсу. Такая падмена называецца спуфінгам.

На гэтым прынцыпе працуе ўкраінская сістэма радыёэлектроннай барацьбы Lima, распрацаваная кампаніяй Cascade Systems. Амаль чатыры гады таму яе спецыялісты пачалі ствараць антэны, здольныя збіваць з курсу расійскую зброю. Да працы далучылася падраздзяленне тэрытарыяльнай абароны «Начная варта», якое дапамагала ўдасканальваць сістэму.

Першыя версіі парушалі навігацыю часткі расійскіх дронаў і крылатых ракет. Аднак расіяне паступова прыстасоўваліся да перашкод, у прыватнасці, усталёўвалі на зброю дадатковыя антэны. У адказ украінскія інжынеры працягвалі ўдасканальваць сваю распрацоўку.

У жніўні 2025 года вакол Кіева разгарнулі новую версію сістэмы — Lima Quant. Яе антэны працуюць разам, ствараючы над сталіцай своеасаблівы купал электрамагнітных перашкод.

Чаму менавіта Ліма

Спачатку распрацоўшчыкі хацелі падмяняць каардынаты па-рознаму для кожнага ўкраінскага горада. Адзін навігатары павінны былі пераносіць да лонданскага Таўэра, другі — на Эверэст, трэці — да знакамітай Алеі баабабаў на Мадагаскары.

Але ў выніку вырашылі выкарыстоўваць адну кропку — Ліму. Яна знаходзіцца вельмі далёка ад Украіны, а фальшывыя каардынаты сталі своеасаблівым подпісам сістэмы, які дазваляе адрозніваць яе працу ад іншых сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.

Камандзір «Начной варты» з пазыўным Алхімік называе гэта «пасхалкай», якую распрацоўшчыкі заклалі ў сістэму яшчэ на пачатку.

Паводле кампаніі Cascade Systems, толькі за першыя тры месяцы 2026 года Lima дапамагла адвесці ад цэляў больш за 30 крылатых ракет і 10 тысяч беспілотнікаў.

Алхімік сцвярджае, што з 62 гіпергукавых ракет «Кінжал», якія праляталі праз зоны дзеяння Lima Quant, 33 разваліліся ў паветры, а іншыя адхіліліся ад зададзеных маршрутаў. Паводле распрацоўшчыкаў, падмена каардынатаў можа прымусіць ракету рэзка змяніць траекторыю, што часам прыводзіць да яе разбурэння.

Паводле Алхіміка, найбольш паказальным выпадкам стала атака 24 мая 2026 года, калі Расія выпусціла па Кіеўскай вобласці дзве найноўшыя балістычныя ракеты «Арэшнік». Масква сцвярджала, што гэтыя ракеты развіваюць такую хуткасць, што амерыканскія комплексы Patriot не могуць іх перахапіць.

Па словах Алхіміка, украінскія вайскоўцы загадзя атрымалі ад амерыканскай разведкі папярэджанне пра запуск і выкарысталі супраць ракет сістэму Lima Quant. Паводле яго, першую ракету ўдалося адвесці ад ваеннай цэлі, і яна трапіла ў гаражы за некалькі кіламетраў ад яе. Другая развалілася ў паветры, а яе абломкі ўпалі на акупаванай Расіяй тэрыторыі.

Журналістам NYT удалося пабываць на пазіцыі, дзе працавалі шэсць антэн Lima Quant. На выгляд яны аказаліся зусім непрыкметнымі. Вайскоўцы не сталі падрабязна паказваць абсталяванне, але запэўнілі, што карысць ад сістэмы значна перавышае нязручнасці, якія яна стварае для мірных жыхароў. Асабліва цяпер, калі Украіна адчувае дэфіцыт ракет-перахопнікаў для Patriot.

Зрэшты, ад нечаканых наступстваў працы Lima не застрахаваныя і самі вайскоўцы. Адзін з іх расказаў пра знаёмага, чый новы BMW раптам запатрабаваў тэрміновага тэхнічнага абслугоўвання. Аўтамабіль вырашыў, што ўжо праехаў ад Лімы каля 10 тысяч кіламетраў без замены алівы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула