Махляры напалохалі беларускую дзяўчынку вайсковымі дронамі
Ашуканцы напалохалі 12‑гадовую мінскую школьніцу гісторыяй пра вайсковыя дроны і прымусілі яе аддаць каля 13 тысяч рублёў бацькоўскіх ашчаджэнняў. Пра здарэнне паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Anton Petrus / Getty Images
У міліцыю звярнуўся бацька дзяўчынкі. Усё пачалося з таго, што невядомы напісаў ёй у месенджары, нібыта хацеў пазнаёміцца, а затым папрасіў даслаць геалакацыю.
Школьніца выканала просьбу. Прыкладна праз гадзіну ёй патэлефанаваў чалавек, які назваўся міліцыянер. Ён заявіў, што метка геалакацыі трапіла за мяжу, паводле гэтых каардынатаў неўзабаве могуць прыляцець вайсковыя дроны, а сама дзяўчынка падазраецца ў дзяржаўнай здрадзе. Пасля да размовы далучыўся яшчэ адзін нібыта міліцыянер. Ён паабяцаў гарантаваць бяспеку сям’і ў абмен на супрацоўніцтва.
Спалоханая школьніца сфатаграфавала ўсе грошы, якія былі дома, а затым па кодавай фразе перадала кур’еру каля 13 тысяч рублёў у эквіваленце. Пасля гэтага зламыснікі запатрабавалі сфатаграфаваць усе ювелірныя вырабы ў кватэры. На наступны дзень, калі дзяўчынка крыху супакоілася, яна западозрыла падман і расказала пра ўсё бацькам.
Аператыўнікі высветлілі, што кур’ерам была 17‑гадовая вучаніца мінскай школы. Яна сама раней стала ахвярай махляроў: невядомая патэлефанавала ёй у месенджары і абвінаваціла ў датычнасці да тэрарыстычнай дзейнасці. Пад пагрозамі дзяўчыну прымусілі забраць грошы ў некалькіх падлеткаў. У выніку ў яе аказаліся чатыры пакеты з грашыма, якія яна перадала іншай непаўналетняй.
Па факце здарэння завялі крымінальную справу.
Чытайце таксама:
Махляры пачалі дурыць людзей лістамі на афіцыйных бланках
13‑гадовая мінчанка стала кур'ерам махляроў: за дзень на таксі аб'ехала некалькі адрасоў
Мінскую школьніцу махляры запалохалі смяротнай карай для бацькоў