БЕЛ Ł РУС

«Там і туалеты з дзіркай у падлозе, і вокны не зачыняюцца». Студэнтка-беларуска патлумачыла, чаму ў Францыі моладзь выйшла на пратэсты

14.11.2026 / 11:33

Ян Дзягелька

У Францыі ўжо больш за месяц пратэстуюць школьнікі і студэнты. Паліцыя перыядычна разганяе іх слёзатачывым газам і светлашумавымі гранатамі. Нядаўна Лукашэнка з’едліва пацікавіўся, ці абкладуць санкцыямі прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона за парушэнні правоў чалавека і ці назавуць яго дыктатарам. Студэнтка магістратуры з Беларусі, якая зараз жыве ў Францыі, параўнала французскія і беларускія пратэсты і патлумачыла, у чым фундаментальная розніца.

Студэнты скандуюць лозунгі падчас дэманстрацыі з патрабаваннем павялічыць фінансаванне адукацыі. Парыж, 5 лістапада. Фота: AP Photo / Thibault Camus

Шэсць гадоў таму, 12 лістапада 2020 года ў Беларусі арыштавалі 12 фігурантаў будучай рэзананснай справы студэнтаў. Цяпер студэнты пратэстуюць у Францыі, але за ўдзел у мірных пратэстах ім не пагражаюць ані адлічэнне, ані зняволенне. Беларуская студэнтка магістратуры ў Парыжы расказвае, чаму французскія школьнікі і студэнты забарыкадзіравалі навучальныя ўстановы, чаго яны хочуць дамагчыся ад дзяржавы і як на хваляванні рэагуюць улады.

Пратэсты ў Францыі пачаліся 17 верасня ў ліцэі «Сент-Экзюперы» ў прыгарадзе Парыжа, дзе школьнікі далучыліся да пратэсту настаўнікаў праз недахоп кадраў і рэсурсаў. Праз тыдзень пратэсты і блакаванне ліцэяў распаўсюдзіліся па Парыжскім рэгіёне, а затым і па іншых частках Францыі. Пазней да пратэстаў далучыліся студэнты ўніверсітэтаў, бацькі і прадстаўнікі прафсаюзаў. Сярод патрабаванняў — павялічыць выдаткі на сістэму адукацыі і спыніць рост кошту жыцця. Масавыя пратэсты прывялі да палітычнага крызісу ў краіне.

«У Францыі на цябе глядзяць праз каланіяльную прызму Расіі»

Марыя (імя гераіні зменена) атрымлівала вышэйшую адукацыю ў Мінску падчас пратэстаў 2020 года, а цяпер працягвае навучанне ў магістратуры ў Парыжы. 

«Я адаслала не вельмі шмат заявак [у розныя навучальныя ўстановы], можна сказаць ткнула пальцам у неба. Але мяне прынялі ў адзін з універсітэтаў», — дзеліцца дзяўчына.

Парыж. Фота з асабістага архіва гераіні

Беларуска звычайна кажа французам, што прыехала з Усходняй Еўропы, таму што часта яны нічога не ведаюць пра Беларусь. Некаторыя французы аўтаматычна думаюць, што яна з Расіі.

«Французы глядзяць на цябе, беларуску, праз каланіяльную прызму Расіі. Калі ўсе рагочуць, умоўна кажучы, з жарта пра Прыгожына (гаворка пра загінулага ў 2023 годзе заснавальніка расійскай ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына — НН), яны глядзяць на цябе так, нібыта ён беларус. Ты гэтага не пазбегнеш, гэта проста трэба прыняць. І кожны раз вызначаць, калі для цябе важна падкрэсліць, што ты беларуска».

Пры гэтым ніякай дыскрымінацыі Марыя не адчувае. Дзяўчына кажа, што адзіны выпадак здарыўся з ёй, калі яна намагалася адкрыць рахунак у адным з французскіх банкаў: студэнтцы адмовілі праз наяўнасць у яе беларускага пашпарту. У астатнім Марыі цалкам падабаецца жыццё ў гэтай краіне: «Усім тут усё адно, што я з Беларусі. Мне гэтага не хапала».

Парыж. Фота з асабістага архіва гераіні

Марыя лічыць, што ў параўнанні з Беларуссю Францыя мае так званую культуру палітычнай асэнсаванасці: «Тут важна мець сваю палітычную пазіцыю. Французы часта размаўляюць пра палітыку. Тут сапраўды ўсе гэтым жывуць, усе гэтым цікавяцца. У Францыі палітыку немагчыма ігнараваць».

Яна дадае, што ў французскіх студэнтаў ёсць незалежныя аб'яднанні і арганізацыі на любую тэму. І не толькі ў студэнтаў. Многія французы ўдзельнічаюць у грамадскіх аб'яднаннях, якія за нешта выступаюць.

Гэтыя ж аб’яданні, таксама як і незалежныя ад дзяржавы прафсаюзы, заклікаюць французаў пратэставаць, калі яны нязгодныя з тымі ці іншымі рашэннямі ўрада. Так, напрыклад, у 2023 годзе прафсаюзы заклікалі французаў пратэставаць супраць пенсійнай рэформы. Тады ўлады вырашылі павысіць пенсійны ўзрост з 62 да 64 гадоў, што справакавала пратэсты па ўсёй краіне.

«Там і туалеты з дзіркай у падлозе, і вокны не закрываюцца, і парт не хапае»

Звонку можа здавацца, што ў сістэме адукацыі Францыі, адной з найбуйнейшых эканомік Еўропы, не можа быць такіх праблем, як у Беларусі. Але Марыя тлумачыць, што ўмовы, у якіх вучацца дзеці ў парыжскіх прыгарадах, сапраўды не самыя лепшыя. 

«Я думаю, што іх можна параўнаць з якой-небудзь школай у беларускім маленькім мястэчку. Я начыталася ў французскіх медыя, што там і туалеты з дзіркай у падлозе, і вокны не закрываюцца, і парт не хапае. Я лічу, што яны выйшлі змагацца за нармальныя ўмовы навучання, і іх пратэст легітымны», — тлумачыць яна.

У пачатку кастрычніка да пратэстаў школьнікаў далучыліся дзясяткі ўніверсітэтаў. Сярод іх і ўніверсітэт, дзе навучаецца Марыя. Дзяўчына кажа, што не вучыцца ўжо больш за месяц — не па сваёй волі.

Студэнты сабраліся перад Ліёнскім універсітэтам падчас акцыі пратэсту. Ліён, 5 лістапада. Фота: AP Photo / Laurent Cipriani

«Студэнты, якія не пратэстуюць, адчуваюць сябе ізаляванымі праз гэтыя мітынгі. Калі твой універсітэт закрыты, ты будзеш сядзець дома. Ты адчуваеш сябе проста пакінутым, таму што не ведаеш, што рабіць. Большасць выкладчыкаў таксама бастуюць, заняткі не адбываюцца. Сэнс твайго жыцця, на жаль, проста губляецца».

Марыя кажа, што большасць выкладчыкаў яе ўніверсітэта адмовілася праводзіць заняткі, салідарызуючыся са студэнтамі. Пры гэтым, у адрозненне ад Беларусі, студэнты і выкладчыкі не сутыкаюцца з рэпрэсіямі за ўдзел у пратэстах: «Гэта не Беларусь: калі ты не ходзіш на заняткі, цябе не адлічаць. Ды і сутнасць не ў тым, што студэнты не ходзяць на заняткі. Яны проста не адбываюцца. Няма куды прыйсці, няма да якога зума падлучыцца».

Вучні сядзяць перад заблакаванай сярэдняй школай. Парыж, 3 лістапада. Фота: AP Photo / Thibault Camus

Студэнты ўніверсітэта, дзе вучыцца Марыя, — адны з самых актыўных пратэстоўцаў у краіне. Усе ўваходы ва ўстанову заблакаваны сметніцамі. Кожны дзень студэнты збіраюцца побач з універсітэтам, слухаюць музыку і танчаць. Адна з мэтаў такіх акцый — не дазволіць нікому зайсці ў будынак.

Вучні стаяць перад заблакаванай школай, пратэстуючы супраць недахопу рэсурсаў у навучальных установах. Парыж, 2 лістапада. Фота: AP Photo / Nicolas Garriga

Па словах дзяўчыны, небяспечным такі пратэст можа стаць толькі ў тым выпадку, калі прэзідэнт універсітэта (рэктар) ці кіраўнік рэгіёну выклічуць паліцыю праз пагрозу грамадскаму парадку. «Канкрэтна ў маім універсітэце такога не адбывалася ніколі. Не было такога, каб паліцыя прыехала і ўсіх разагнала. Пакуль ніхто не забараняе студэнтам майго ўніверсітэта кожны дзень пратэставаць», — адзначае дзяўчына.

Гэта моцна кантрастуе з беларускім досведам, дзе на хвалі пратэстаў 2020‑га ўлады распачалі гучную справу студэнтаў, арыштаваўшы 12 чалавек — дзесяць студэнтаў, выкладчыцу БДУІР Вольгу Філатчанкаву і выпускніка ўніверсітэта. Іх абвінавацілі ў арганізацыі пратэстаў і асудзілі да рэальных тэрмінаў зняволення. У 2022 годзе ўсе асуджаныя выйшлі на свабоду, цалкам адбыўшы пакаранне.

Чаго дамагаюцца французскія студэнты?

Студэнты трымаюць транспарант з надпісам «Вучні старэйшых класаў, студэнты — мы пойдзем да канца» падчас дэманстрацыі ў Парыжы 10 лістапада. Фота: AP Photo / Teresa Suarez

Калі ў Беларусі нагодай для масавых пратэстаў у 2020 годзе сталі сфальсіфікаваныя прэзідэнцкія выбары, то ў Францыі студэнты пратэстуюць праз сацыяльныя і эканамічныя праблемы.

«Я лічу, што студэнцкі пратэст — гэта незадаволенасць нашага пакалення, маладых французаў, тым, у якой эканамічнай сітуацыі яны ўсе апынуліся. Ты заканчваеш вучобу, у Францыі бакалаўрыят — гэта тры гады, магістратура — два гады, выходзіш на рынак працы, а цябе ніхто не хоча браць».

Студэнты на дэманстрацыі. Парыж, 10 лістапада. Фота: AP Photo / Teresa Suarez

Марыя лічыць патрабаванні сёлетніх студэнцкіх пратэстаў даволі шырокімі. «Калі ты студэнт, то ў цябе няма грошай, табе няма на што жыць. Стыпендый, якія даюць па сацыяльных крытэрыях, умоўна, калі твая сям'я вельмі бедная, не хапае. Многія студэнты вымушаны працаваць. Але адначасова працаваць і вучыцца ва ўніверсітэце вельмі цяжка. Тут вельмі шмат вучобы», — даводзіць яна.

Студэнцкія стыпендыі ў розных беларускіх ВНУ пачынаюцца ад 185 рублёў. Пры высокім сярэднім бале можна разлічваць на 300‑400 рублёў у месяц. Памер сацыяльных студэнцкіх стыпендый у Францыі залежыць ад узроўню даходу сям’і і можа складаць ад €145 да €635 у месяц (каля 500‑2100 рублёў).

«Вельмі цяжка глядзець на старэйшае пакаленне французаў, якое ў свой час змагло назапасіць капітал, купіць кватэру ў Парыжы і домік у правінцыі. А табе як студэнту здаюць пакойчык на дзевяць квадратных метраў за 1000 еўра», — наракае дзяўчына. 

Вячэрні Парыж. Фота з асабістага архіва гераіні

«Беларус не пойдзе граміць «Еўраопт», таму што яму няма чаго есці»

Каментуючы пагромы, якія адбываліся ў Парыжы 17—18 кастрычніка, беларуска кажа, што ёй не падабаецца наратыў некаторых медыя аб тым, што быццам бы гэта школьнікі тады выйшлі і «разбурылі палову Парыжа»: «Большая частка дэманстрацый 17 кастрычніка прайшла мірна. Людзі проста патрабавалі паляпшэння ўмоваў свайго жыцця. І ўжо пасля мы пабачылі пагромы ў некаторых парыжскіх раёнах. Людзі, якія ўсё гэта грамілі, скарысталіся хаосам».

Падчас пагромаў у Францыі 17—18 кастрычніка пацярпелі як крамы люксавых брэндаў, так і малы бізнэс. Шкода можа дасягаць 1,2 мільярда еўра.

Адна з крамаў Парыжа пасля пагромаў 17—18 кастрычніка. Фота з асабістага архіва гераіні

У гераіні ёсць пытанні да французскай паліцыі, якая, па яе меркаванні, занята тым, каб разганяць мірных маніфестантаў, а не тых, хто граміць крамы. Знаёмых дзяўчыны падчас удзелу ў маніфестацыях разганяла паліцыя: «Ведаю, што некаторыя з іх нармальна так хапанулі слёзатачывага газу. Але іх не затрымлівалі. Гэта адбывалася падчас мірнай дэманстрацыі, якую чамусьці ў нейкі момант вырашылі разганяць з паліцыяй». 

Студэнты супрацьстаяць паліцыі падчас акцыі пратэсту супраць недастатковага фінансавання школ. Парыж, 3 лістапада 2026 года. Фота: AP Photo / Thibault Camus

Паліцэйскія распыляюць пярцовы газ у бок студэнтаў каля ўніверсітэта Sciences Po. Парыж, 7 кастрычніка. Фота: AP Photo / Thibault Camus

«Я не думаю, што ўмоўны беларус пойдзе граміць «Еўраопт», таму што яму няма чаго есці. У якім сусвеце ты павінен быць, каб да нечага такога дадумацца? Але вельмі важна таксама не дэлегітымізаваць пратэст, таму што патрабаванні сапраўды легітымныя», — дадае студэнтка.

«Урад па змоўчванні дрэнны, яго будуць крытыкаваць прыблізна за ўсё»

Беларуска параўноўвае наступствы за ўдзел у пратэстах у Беларусі і Францыі.

«У Беларусі тваё жыццё, калі цябе ўзялі на пратэсце, заканчваецца прыблізна ў той самы момант, калі цябе затрымліваюць. Цябе выключаюць з універсітэта, выганяюць з працы. Пасля табе вельмі складана знайсці сваё месца. У Францыі гэта не так. Тут увогуле не той узровень рэпрэсій, што ў Беларусі, абсалютна. Калі цябе выключаць з універсітэта за ўдзел у пратэстах — на наступны дзень уся краіна выйдзе за цябе мітынгаваць. Без жартаў», — упэўнена беларуска.

Гераіня кажа, што калі беларуская адукацыя прасякнутая дзяржаўнай ідэалогіяй, то французская — антыдзяржаўнай: «Урад па змоўчанні дрэнны, яго будуць крытыкаваць прыблізна за ўсё. І няважна, каго яны абяруць у якасці прэзідэнта. Яны будуць так ставіцца абсалютна да любога». Па словах Марыі, гэта тычыцца як студэнтаў, так і выкладчыкаў.

Студэнты сядзяць перад паліцэйскімі падчас акцыі пратэсту. Парыж, 22 кастрычніка. Фота: AP Photo / Teresa Suarez

«Ты можаш абмяркоўваць абсалютна ўсё што хочаш, з кім хочаш і як хочаш, выбіраючы любыя словы. Не трэба абыходзіць пэўныя тэмы, бо тут няма забароненых. Наадварот, лічыцца правільным у першую чаргу гаварыць на складаныя тэмы», — тлумачыць Марыя.

Яна дадае, што абмежаванняў у параўнанні з Беларуссю нашмат менш і ў акадэмічным жыцці французскіх студэнтаў.

«Студэнт можа выбраць тэму даследавання, якую хоча, і выкладчыкі заўжды будуць абараняць студэнта. Калі ў цябе менш акадэмічнай свабоды — у цябе менш інавацый. І гэта ўсё вельмі моцна адбіваецца на навуковым узроўні краіны. Гэта вядзе да стагнацыі. Мабыць, беларуская вышэйшая адукацыя і не самая кепская ў свеце. Але гэта ўсё не мае сэнсу, калі ў цябе няма акадэмічнай свабоды».

Згодна з індэксам інавацый Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці, у 2026 годзе Беларусь апынулася на 88 месцы, у той час як Францыя заняла 13 месца. У 2019 годзе, апошнім перад прэзідэнцкімі выбарамі, пасля якіх быў нанесены ўдар па акадэмічнай свабодзе, Беларусь займала 72 месца. За 7 гадоў краіна апусцілася на 16 пазіцый. Сёлета Беларусь знаходзіцца ў рэйтынгу ніжэй, чым, напрыклад, Азербайджан, Малдова і Узбекістан.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула