Чорнае мора стала самым смертаносным суднаходным маршрутам у свеце
Чорнае мора стала самым небяспечным для камерцыйнага суднаходства рэгіёнам у свеце. Найбольшую шкоду гандлёвым караблям сёлета нанеслі не ракеты, міны і артылерыя на Блізкім Усходзе, а беспілотнікі ў Чорным моры, піша The Wall Street Journal.
Здымак ілюстрацыйны
Спачатку ўкраінскія дроны пачалі атакаваць расійскія судны, парты і нафтавыя тэрміналы, парушаючы марскія шляхі Расіі. Затым расійскія абстрэлы фактычна выціснулі караблі з партоў Адэсы. Акрамя таго, Расія пачала атакаваць беспілотнікамі судны каля ўзбярэжжаў краін НАТА — Румыніі і Балгарыі.
Паводле звестак кампаніі Ambrey, якая займаецца пытаннямі марской бяспекі, сёлета ў Чорным моры адбылося больш за 300 нападаў. У выніку загінулі больш за 30 маракоў, яшчэ больш за 20 лічацца зніклымі без вестак. Такія звесткі прыводзяць Турэцкая асацыяцыя суднаўладальнікаў, сэрвіс MarineTraffic і мясцовыя ўлады.
Для параўнання: з пачатку ваеннага канфлікту паміж ЗША і Іранам у канцы лютага ў Армузскім праліве і на Блізкім Усходзе ў цэлым адбылося каля 130 нападаў на судны. У выніку загінулі 25 маракоў, паводле інфармацыі Міжнароднай марской арганізацыі ААН.
Увосень паўночная і цэнтральная часткі Чорнага мора фактычна ператварыліся ў марскую пустыню. Расійскія судны больш не выходзяць у гэты раён. Караблі, якія накіроўваюцца ва Украіну — толькі да Дуная каля мяжы з Румыніяй, — а таксама ў Румынію, Балгарыю, Турцыю і Грузію і назад, стараюцца трымацца бліжэй да берагоў, каб знізіць рызыку расійскіх атак.
У кастрычніку 2026 года дроны атакавалі восем гандлёвых суднаў у тэрытарыяльных водах Румыніі і Балгарыі або ў прылеглых да іх зонах. Яшчэ два караблі пацярпелі паблізу прылеглай зоны Балгарыі, у яе выключнай эканамічнай зоне. Адно судна было атакаванае ў дунайскім порце Ізмаіл пасля таго, як прайшло ўздоўж балгарскага і румынскага ўзбярэжжаў. Амаль у палове гэтых выпадкаў маракі загінулі, атрымалі раненні або зніклі без вестак.
Расія адмаўляе сваю датычнасць да нападаў. Аднак прэм'ер-міністр Балгарыі Румен Радзеў заявіў у Бруселі, а таксама расійскай амбасадарцы Элеаноры Мітрафанавай, якую выклікалі пасля аднаго з інцыдэнтаў, што Балгарыя не верыць у магчымасць украінскай атакі на ўласныя судны і экіпажы. Паводле яго слоў, у такіх дзеяннях не было б ніякай логікі, а абставіны нападу паказваюць на Расію.
Узброеная эскалацыя прывяла да рэзкага скарачэння камерцыйнага суднаходства ў Чорным моры. Паводле даных арганізацыі Global Fishing Watch, у кастрычніку колькасць суднаў, якія заходзілі ў Чорнае мора праз Басфор, зменшылася на 41% у параўнанні з кастрычнікам 2025 года. Колькасць рэйсаў у абодвух напрамках за той жа перыяд скарацілася на 38%.
Чытайце таксама:
Найбуйнейшы нафтавы порт Расіі на Чорным моры спыніў працу пасля атакі беспілотнікаў
Каля ўзбярэжжа Балгарыі дроны атакавалі два гандлёвыя судны, адно затанула
Турцыя прапанавала Расіі і Украіне развесці судны ў Чорным моры