Памёр вядомы хірург, былы галоўны анколаг Мінска
Зігмунд Гедрэвіч 11 год узначальваў сталічны анкадыспансер.
Анколаг-хірург, кандыдат медыцынскіх навук Зігмунд Гедрэвіч памёр 11 лістапада на 76‑м годзе жыцця. Пра гэта паведаміў камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама.
З 2000 па 2011 год Гедрэвіч узначальваў Мінскі гарадскі клінічны анкалагічны дыспансер і быў галоўным анколагам сталіцы.
Зігмунд Гедрэвіч скончыў лячэбны факультэт Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута ў 1977 годзе. Пасля інтэрнатуры працаваў хірургам гарадскога анкадыспансера, пазней узначаліў яго хірургічнае аддзяленне. З 1986 года выкладаў на кафедры анкалогіі.
У 1994 годзе Гедрэвіч абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную лячэнню раку шчытападобнай залозы. У 1998‑м атрымаў званне дацэнта.
Гедрэвіч апублікаваў каля 85 навуковых прац і быў суаўтарам двух вынаходніцтваў.
Ён быў сябрам Беларускага таварыства анколагаў і Еўрапейскага таварыства хірургічнай анкалогі. Узнагароджаны знакам «Выдатнік аховы здароўя».
«Зыгмунд Эдуардавіч прысвяціў медыцыне ўсё сваё жыццё. Граматны арганізатар аховы здароўя і мудры настаўнік, ён зрабіў неацэнны ўнёсак у развіццё анкалагічнай службы краіны, выратаваў тысячы жыццяў і выхаваў не адно пакаленне маладых спецыялістаў», — гаворыцца ў паведамленні камітэта па ахове здароўя.