Расійская армія страціць 650 тысяч чалавек забітымі да канца года — FT
Агульная колькасць расіян, якія загінулі ў выніку вайны ва Украіне, да жніўня склала каля 550 тысяч чалавек. Пра гэта сведчыць аналіз Financial Times даных Расстата, атрыманых хакерамі. Паводле падлікаў газеты, калі тэмпы смяротнасці, якія назіраліся ў студзені, захаваюцца на працягу ўсяго года, то да канца снежня колькасць загінулых дасягне 650 тысяч чалавек, пераказвае «Агенцтва».
Цела расійскага салдата ляжыць у лесе ў Трасцянцы, Украіна. 28 сакавіка 2022 г. Фота: Felipe Dana / AP
У даных Расстата зафіксавана каля 410 тысяч смерцяў, непасрэдна звязаных з вайной, піша FT. Яшчэ 12 тысяч чалавек журналісты газеты выявілі на падставе іх статусу вайскоўцаў, узросту і месца гібелі. Таксама журналісты ўлічылі 42 тысячы смерцяў мужчын прызыўнога ўзросту, якія згадваюцца ў даных Расстата паводле вынікаў судовых разбіральніцтваў, калі сваякі не маглі знайсці цела.
Пры гэтым рэальная колькасць загінулых, верагодна, большая праз затрымкі з рэгістрацыяй смерцяў, піша газета. Напрыклад, у 2026 годзе працягвалася рэгістрацыя дакументаў пра людзей, якія загінулі падчас бітвы за Марыупаль у 2022 годзе.
Даныя Расстата паказваюць асабліва высокую смяротнасць у асобных баях ва Украіне. Каля 120 тысяч смерцяў — траціна ад агульнай колькасці зарэгістраваных — прыпалі на раён Аўдзееўкі і Пакроўска. Яшчэ 48 тысяч — на суседні Бахмуцкі раён.
Баі за кожны з гэтых гарадоў самі па сабе былі больш кровапралітнымі, чым уварванне СССР у Афганістан у 1979—1989 гадах, адзначаюць журналісты.
Інфармацыя Расстата таксама паказвае, што за гады вайны расійская армія пастарэла. У 2025 годзе сярэдні ўзрост загінулага складаў 40 гадоў супраць 34 гадоў у першы год вайны.
Самай шматлікай групай сталі мужчыны ва ўзросце 35—44 гадоў — на іх прыпала 158 тысяч смерцяў. На мужчын ва ўзросце 18—24 гадоў прыпадала каля 10% загінулых; іх доля скарачаецца з пачатку вайны.
FT таксама выявіла ў даных Расстата звесткі пра 4141 загінулага замежніка, які ваяваў у складзе Узброеных сіл РФ. Найбольш сярод іх грамадзян Узбекістана — 807 чалавек і Таджыкістана — 598. Сярод краін Лацінскай Амерыкі лідзіруе Калумбія (98 загінулых). У Афрыцы найбольшая колькасць смерцяў зафіксавана сярод грамадзян Нігерыі, Камеруна і Егіпта — разам 127 чалавек. У базе таксама значацца 44 загінулых грамадзяніна Непала, 20 грамадзян Бангладэш і 10 грамадзян Індыі.
Узлом таксама дазволіў ацаніць маштабы смяротнасці ад каранавіруса ў Расіі. У 2021 годзе, паводле гэтых даных, ад COVID-19 памерлі каля 457 тысяч расіян. Гэта азначае, што смяротнасць ад каранавіруса ў Расіі аказалася ў 2,5—3 разы вышэйшай, чым у Вялікабрытаніі і краінах Еўрасаюза.
Таксама з 2021 года ў Расіі ад захворванняў, звязаных з ВІЧ, памерлі каля 85 тысяч чалавек, у тым ліку 14 тысяч — у 2025 годзе, піша газета. Для параўнання, у Паўночнай Амерыцы, Заходняй і Цэнтральнай Еўропе агульная колькасць смерцяў па тых жа прычынах за 2025 год склала менш за 10 тысяч.
Пра ўзлом Расстата групоўкі Silent Crow і «Кіберпартызаны BY» паведамілі 1 лістапада. Паводле сцвярджэння хакераў, ім удалося атрымаць каля 23 тэрабайтаў інфармацыі. Расстат прызнаў факт кібератакі, але адмаўляў, што зламыснікі атрымалі доступ да абароненых даных.
The Economist на падставе гэтых даных спрагназаваў гібель каля 230 тысяч расіян за ўвесь 2026 год — больш, чым за любы папярэдні год вайны. Выданне таксама прыводзіла ацэнку Silent Crow у 504 тысячы загінулых расійскіх вайскоўцаў на 28 жніўня з улікам затрымак рэгістрацыі.